Анаталогія. Анатоль Івашчанка
што гэтак жа і з усімі… Гэты пэўны момант надышоў у другім класе. Тады настаўніца выйшла кудысьці пасярод урока, пакінуўшы класу колькі хвілінаў на шаленства. Як толькі дзверы за ёй прычыніліся, галоўны двоечнік і хуліган (адкрыць/закрыць двукоссе) з прозвішчам Садзін, якое цалкам адпавядала яго садысцкай натуры, ускочыў з месца й пачаў корпацца ў торбачцы настаўніцы. Тады Сяржук, як гэта і належыць герою, падышоў да адмарозка й вырваў торбу. Садзін, які быў на галаву вышэйшы і на парадак шырэйшы, з цікавасцю паглядзеў на Сярожку: «Ну, пойдём. Выйдем». Яны выйшлі. Садзін адышоў у канец пустога калідора, разбегся і з усяе моцы наскочыў на суперніка. Яны ўпалі, і Садзін, вядома ж, апынуўся зверху. Далей, седзячы на грудзёх і прыціснуўшы рукі да падрапанага паркету, ён распавёў, што мог бы зрабіць з ім далей («бычок», галавой аб падлогу, вочы…). «Ну, что, понял?» – пасля гэтай вучэбнай дэманстрацыі сілы запытаўся хуліган. Сяржук, вядома, «понял» (і дзякуй богу, што ніхто з класа ўсяго гэтага не бачыў)…
Пасля ён быў сведкам шматлікіх падлеткавых боек – асабліва ў піянерлагерах, дзе ў лайт-рэжыме буяў прынцып вайсковае дзядухі, які заахвочваўся кіраўніцтвам гэтых устаноў, часцяком – былых вайскоўцаў. І заўжды, калі кагосьці «апускалі», з’яўлялася гэтае… так бы мовіць, апраўданне жорсткасці. Не заўсёды нават прамоўленае. Нібыта самамэтай была не бойка альбо доказ уласнае крутасці, а – нейкае сцверджанне вышэйшае праўды… І калі нейкага хлопчыка, які чымсьці вытыркаўся з агульнае масы, змушалі станавіцца на калені пасярод лагернае палаты на вачох ва ўсяго атрада, чыйсьці ялейный галасок соладка намармытваў на вушка: «Усё нармалёва, усё нармуль…»
Сяржук назіраў, як пры набліжэнні патрульнае машыны хлопцы нетаропка рушылі прэч, пакінуўшы дзяўчо на лісці. Гледачы вызвалілі гаўбцы. (Гаўбцы! Заслона.)
Яны пілі гарбату, і жонка хітнула ў бок акна, за якім у выцвілым лісці па шчыкалатку стаялі, аб нечым перамаўляючыся, дрэвы, і запыталася: «І што з гэтым усім рабіць?» Сяржук, зірнуўшы на яе жывот, вымавіў: «Рабіць сваю справу. Каб нас было болей. Чым іх». – «Так. Сваю справу. Але яна, – зноўку ківок у бок двара, дзе ў сметніках курчыліся бычкі, а сярод лістоты – цела трынаццацігадовай дзяўчыны, – таксама будзе. Рабіць справу…»
Сын палка
«Ну не выкідаць жа ўсё гэта», – звыкла думаў К., разграбаючы стосы газетаў, што паназбіраліся пад камп’ютарным сталом. Збольшага тое быў розны, так бы мовіць, агітпроп, які К. разы два на год, падчас перадкаляднай ды перадвелікоднай генеральных прыборак, раскідваў па скрынях суседніх дамоў. Без нейкае сістэмы й думкі «вось прачытаюць, і на іх сыдзе прасвятленне». Не, ніякіх падобных ілюзіяў адносна іх К. не меў. Але напраўду рука не падымалася зносіць на сметнік нячэсную прэсу, якую ён, паводле старой завядзёнкі, праглядаў даволі падрабязна.
К. быў падпісаны на два тыднёвікі. Плюс розныя газеткі-ўлёткі, што зрэдзьчасу патраплялі ў ягоную скрыню ці ў заплечнік падчас выгулу