З дазволу караля і вялікага князя. Леў Казлоў
ды яшчэ, што і заручаныя яны, Ядвіга і Вільгельм, некалі былі і сустракаліся як да Ягайлавага прыезду ў Кракаў, так і ўсе наступныя гады ў Гневашавым доме…
Можна ўявіць каралеўскі гнеў! Але, хаця тэмпература адносін у аўгусцейшай сям’і значна панізілася, Ягайла зразумеў, што галоўнае ў такой сітуацыі – абарона гонару. Ды і сама каралева загадала паставіць Гневаша за абразу перад судом. I, канешне, прысуд мог быць толькі адзін: адказчык – ілгун і падманшчык. Суддзі не толькі добра ведалі рымскае права, але і рымскую гісторыю, дзе, як вядома, існаваў неаспрэчны пастулат: «Жонка Цэзара па-за падазрэннем». Што да пакарання, то яго прызначылі надзвычай справядлівае і суровае: Гневаш павінен быў залезці пад лаву і заявіць, што збрахаў як сабака, і па-сабачаму яшчэ некаторы час пабрахаць.
У сям’і нібыта ўсё прыйшло ў парадак. Але каралева Ядвіга так і не ашчаслівіла Ягайлу. Праз трынаццаць гадоў ён аўдавеў. Кароль ажэніцца яшчэ тройчы. I толькі ў апошнім шлюбе – з маладой і прыгожай князёўнай з нашых беларускіх краёў, Сафіяй Гальшанскай, нарэшце займее дынастычных інфантаў. А сасватаў яму гэтую прыгажосць вялікі князь літоўскі Вітаўт, з якім кароль не раз калаціўся.
Прайшло ўжо нямала гадоў панавання Ягайлы, калі ён у суправаджэнні Вітаўта накіраваўся на Жмудзь, каб нарэшце ахрысціць мясцовых жыхароў. Кароль стаў, разважаючы пра сэнс веры, павучаць жмудзінаў, якія з’явіліся па яго загадзе. Адзін з іх на прамову адазваўся: «Міласцівы кароль, я асабіста згодзен з тым, што ўсе мы ўваскрэснем, але ўбачыш: толку з гэтага аніякага не будзе».
Вітаўта, аднаго з герояў Грунвальда, Длугаш характарызуе наступным чынам: «Росту ён быў малога і цела меў хударлявае, відаць, прырода ўстрымалася ад таго, каб адарыць яго дастойнай знешнасцю і прыгажосцю ўжо пасля таго, як надала многа іншых добрых якасцей. Быў надзвычай шчодры, часцей даваў больш, чым адбіраў, таму, кажуць, правую руку меў даўжэйшую за левую. І яшчэ многія сведчаць, што да спраў кахання быў вельмі прыхільны і такі палкі, што неаднаразова проста з поля бітвы, пакінуўшы войска на варожай зямлі, імчаў на спецыяльна расстаўленых конях да жонкі альбо да сваіх наложніц». Дык вось, пра надзвычайную Вітаўтаву шчодрасць да нас дайшла адна з такіх гісторый.
Сярод блізкіх да вялікага князя людзей быў шляхціц Мікалай Малдрык, які выконваў ролю асабістага сакратара і даручэнца па розных далікатных справах. Прыйшоў час, калі гэта давераная асоба папрасілася дамоў да жонкі і дзяцей, адным словам, на заслужаны адпачынак. Вітаўт не затрымліваў яго, ды яшчэ вырашыў як след узнагародзіць. Скарбнік атрымаў загад выдаць Мікалаю Малдрыку добрыя футры, коней і іншыя патрэбныя рэчы, а да таго – сто коп грошаў. Пачуўшы пра ўсё, князева жонка Ульяна пачала горача даказваць, што гэта – разбазарванне казны. Тады Вітаўт, нічога не кажучы, дабавіў да той сотні яшчэ адну. Ульяна з новай энергіяй стала папракаць князя, які ў выніку патроіў узнагароду. Княгіня выбухнула гневам, але чым больш пратэставала, тым больш паслядоўную