Братэрства. Алесь Карлюкевiч
Мы з Юрыем Абрамавічам даўнія сябры. Не здзіўляйся, такія ў нас доўгажыхары!.. Дарэчы, ён жа таксама з Беларусі родам…
Вось табе і на!.. Так высветлілася, што ў Екацярынбургу болей за паўвека жыве і працуе наш зямляк, журналіст і пісьменнік Юрый Левін. Але ж аб усім па парадку…
Нарадзіўся будучы літаратар у вёсцы Парэчча сённяшняга Акцябрскага раёна – 20 верасня 1917 г. У 2007 г. ветэрану, атрымліваецца, споўнілася 90 гадоў. А пошук мой прыпаў на вясну 2008-га… Парэчча – адна з буйнейшых вёсак.
Калі Юрыю было ўсяго дзевяць гадоў, памерла маці. На шчасце, вучобу хлопчык не кінуў. Напрыканцы вучобы ў сярэдняй школе пачаў пісаць у раённую газету. Першыя спробы пяра прыйшліся даспадобы рэдактару «раёнкі». Ён запрасіў маладога чалавека ў штат. Так пачаўся журналісцкі лёс Юрыя Левіна.
У 1938 г. хлопца прызвалі на службу ў Чырвоную Армію. Патрапіў у Кіеўскую ваенную акругу. Скончыў школу падрыхтоўкі малодшых спецыялістаў. Прызначылі камандзірам танка Т-26 у 49-й лёгкатанкавай брыгадзе. Трэба ўлічваць, што гэта былі літаральна першыя гады стварэння сур’ёзных танкавых войскаў.
…У службе ў нашага земляка ўсё складвалася самым лепшым чынам. Малодшага камандзіра заўважыла камандаванне часці. І ў 1940 г. Юрый – ужо карэспандэнт салдацкай «шматтыражкі». У хуткім часе Левіна накіроўваюць на вучобу ў Маскву – на курсы газетных работнікаў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі. Але скончыць вучобу не атрымалася. Пачалася вайна… Малады журналіст трапляе ў газету 31-й арміі «На врага!». І праз многія гады трымаў ветэран у памяці першую франтавую карэспандэнцыю – «Адважны камандзір-разведчык». Вопыт работы прыходзіў ва ўмовах баявых дзеянняў.
У час абароны Сталінграда старшы палітрук Левін – у складзе рэдакцыі франтавой газеты «Сталинское знамя». Сярод саслужыўцаў – вядомы ў будучым драматург Юрый Чапурын.
З перыяду баёў за Сталінград – такі эпізод. Аднойчы карэспандэнт вяртаўся з перадавой праз Волгу, рэдакцыя знаходзілася на другім беразе. У час артылерыйскага абстрэлу лодка перакулілася. З усіх сіл стараўся даплыць, баючыся яшчэ і замачыць ужо напісаныя ў нумар нататкі…
Увогуле Юрый Абрамавіч заўсёды вызначаўся дбайнасцю да збору фактычнага матэрыялу. Доўгія дзесяцігоддзі ён захоўваў свае пажоўклыя франтавыя блакноты. Цяпер, праўда, прапахлыя дымам вайны, яны знаходзяцца ў школьных музеях, бібліятэках, архівах… Запісы з Вялікай Айчыннай і праз паўвека заставаліся матэрыялам для новых кніг, новых публікацый. Толькі ў 2000 г. пабачылі свет зборнікі нарысаў Юрыя Левіна «Генераліяда» (пра сустрэчы з камдзівамі, камандармамі ды іншымі военачальнікамі), «Дзённік Перамогі», «Імёны» (успаміны пра пісьменнікаў).
Дакументальная, фактаграфічная аснова – і першаштуршок для стварэння многіх мастацкіх твораў нашага земляка. Апавяданне «Кісет» – пра драматычную старонку з франтавой біяграфіі ваеннага карэспандэнта. Журналіст, калі вызвалілі Мелітопаль, па заданні рэдакцыі знайшоў героя штурма горада