Старонкі радзімазнаўства. Мясціны. Асобы. Алесь Карлюкевiч
нямала дзён правесці ў віленскіх архівах, бібліятэках, вывучыць многія царкоўныя, прыватныя зборы дакументаў, выслухаць многіх людзей, якія былі сведка мі тых ці іншых падзей. У 1934 г. пабачыла свет новая кніга О. Хедэмана – “Дзісна і Друя – магдэбургскія гарады”. Былі і іншыя кнігі браслаўскага краязнаўца: “Даўнія пушчы і воды”, “Граф Мануцы”, “Школа Валяр’янаўская Лужкоўскіх піяраў”, “Завяшчанні браслаўска-дзісенскія XVII—XVIII стст. як гістарычныя дакументы”. У апошнія гады жыцця (памёр Хедэман у 1937 г.) краязнаўца рупіўся над двухтомнай працай “Белавежская пушча”, якая засталася, на вялікі жаль, незавершанай. Творчая спадчына таленавітага гісторыка, несумненна, патрабуе сучаснага ўзнаўлення. Будзем спадзявацца, што такі час яшчэ надыдзе.
Браслаў, Відзы, Відзы-Лаўчынскія, Дрысвяты, Друя, Опса, Іказнь… Гэтыя і іншыя вялікія і малыя паселішчы Браслаўскай старонкі – радзіма многіх адметных персана жаў айчыннай гісторыі. У Друі зрабіў першыя крокі вядомы ў 1920—1930я гады спявак Юзаф Нарушэвіч, якога чулі і сцены міланскай “Ла Скалы”. Родам са Стаўрова – мастак Пётра Сергіевіч. Дарэчы, у народнага паэта Беларусі Максіма Танка ёсць верш “Перад партрэтамі Пятра Сергіевіча”:
Партрэты Сергіевіча —
Мае сябры жывыя,
Заўсёды гутараць
Са мной аб перажытым.
Дзеўбачыш ты насы
Класічныя такія,
Што за вярсту
Пах чуюць акавіты!
Канешне ж, гэтыя радкі нарадзіліся зусім невыпадкова. Максім Танк і Пётра Сергіевіч былі знаёмыя яшчэ ў няпростыя 1930-я, калі Заходняя Беларусь знаходзілася пад уладай Польшчы. Выразная характарыстыка жыццёвага і творчага шляху мастака – у яго “Аўтабіяграфіі”: “Даваенныя спробы маіх кампазіцый былі на тэмы вясны, кахання, свята і працы ў вёсцы. Цікавілі гістарычныя асобы: князь Усяслаў Полацкі, Каліноўскі…
Другая сусветная вайна зрабіла вялікі пералом у віленскім грамадстве. Першае – нястача прадуктаў з прыходам нямецкіх фашыстаў у Вільню. Другое – замерла культурнае жыццё горада.
Не маючы чаго есці, я выехаў у родную вёску Стаўрова і там маляваў сялян за жыта і сала, маляваў партрэты і для сябе, падбіраў тыпаж, а таксама пейзажы. Перажыў на вёсцы вялікую народную трагедыю. У навакольных лясах арганізаваліся партызаны з савецкіх салдат, уцекачоў з нямецкага палону. Шмат далучылася да іх моладзі з нашых вёсак. Захопнікі-немцы ў 1942 годзе кінулі вялікае войска і паліцыю, акружылі лясы і пабілі бязлітасна шмат нявіннага народу, палячы жыўцом у замкнёных гумнах і хатах цэлыя вёскі. 75 чалавек рознага веку (і дзяцей!) забілі з нашай вёскі. Клаў у магілу сваіх землякоў. Хавалі без труны, клалі ў супольную магілу”.
Браслаўшчына – радзіма пісьменніка і публіцыста, дзяржаўнага дзеяча Савелія Паўлава, вядомага педагога Флора Манцэвіча (быў карэспандэнтам “Нашай Нівы”), мастака Віктара Жаўняровіча (адзін з абразоў яго работы знаходзіцца ў Ватыкане).
У мястэчку Друя нарадзіўся ў 1874 годзе вядомы савецкі гісторык, член-карэспандэнт