Гняздо-2 (зборнік). Паліна Качаткова

Гняздо-2 (зборнік) - Паліна Качаткова


Скачать книгу
зрабіў? – закрычала цётка, пачуўшы мяўканне.

      – Хіба яму што зробіш?

      Юрась саскочыў з печкі.

      – Добра, я пайду. Вы, можа, усё ж такі сходзіце да Веры?

      – А ты пойдзеш?

      – Я ж сёння ад’язджаю.

      На вакзале Юрась паспрабаваў уявіць, што яго праводзяць, але не здолеў.

1987

      Белая поўня

      Слава любіла Рыгорку, калі ён маўчаў. Тады можна было глядзець у акно і ўяўляць, што Рыгоркі не існуе. Проста не існуе ў прыродзе. Так прыемна было глядзець на шашу, на цёмны лес. Рух і мігценне агнёў на шашы заварожвалі, а над лесам узыходзіла белая поўня. Калі Рыгорка гаварыў, месца для фантазіяў не заставалася.

      – Слава! Слава, ты мяне слухаеш?

      – Слухаю!

      – Ты мяне добра слухаеш?

      – Лепш за ўсіх.

      – Слава, мы будзем займацца з табой бізнесам!

      – Я не хачу бізнесу.

      – А што ты хочаш? Як наогул ты збіраешся жыць? Ты толькі паслухай мяне, табе гэта спадабаецца.

      З чырвонай папкі Рыгорка выцягнуў зашмальцаваную кнігу без пераплёту, разгарнуў і пачаў чытаць. Чытаў, як заўсёды, павольна, расцягваючы словы амаль па складах.

      – Калі чорны певень пражыве сем год, то ў канцы сёмага года знясе яйка. Гэтае яйка трэба трымаць у цяпле і насіць увесь час з сабою. Тады вылупіцца з яго маленькі цмок. Цмока трэба гадаваць, ніколі не нерваваць і карміць яечняй. Цмок выгадуецца, навучыцца лётаць і будзе адшукваць скарбы, прыносіць свайму гаспадару золата і грошы. Усё! – Рыгорка скончыў чытаць. – Зразумела?

      – Ты хочаш набыць чорнага пеўня, каб праз сем год ён знёс яйка?

      – Дурная! Чорны певень сем год жыў у маёй маці, ён ужо знёс яйка, і яно ў мяне. Праз месяц вылупіцца цмок!

      – Яшчэ скажы, што будзеш цэлы месяц насіцца з яйкам, як курыца!

      – А я даручаю гэта табе…

      – А я не буду!

      – Слава, ты падумай: мы выгадуем цмока, і ён пачне насіць нам скарбы!

      – Я думаю: я выгадую цмока, і ён пачне насіць табе скарбы.

      – О божа, Слава, я паважаў цябе за шчырасць, я думаў, ты любіш жывёлін… А ты, ты, ды ты ведаеш?.. Ты яшчэ горшая за ўсіх іншых… Ну добра, хай будзе так: ён нікому не прынясе нічога.

      Рыгорка выцягнуў з кішэні прадмет, які зусім мала нагадваў яйка, – чорная закручаная чарупіна з дробнымі светлымі плямкамі. Выгляд чарупіна мела далікатны і вельмі крохкі. Рыгорка падкінуў яе некалькі разоў на далоні.

      – Зараз выкіну праз акно… – Рыгорка кінуў на Славу хуткі позірк, размахнуўся і на нейкі момант знерухомеў у дэманстрацыйнай позе. Слава глядзела на Рыгорку. Бачыла чарнявага хлопца спартовага тыпу з пакатымі плячыма, светла-шэрымі выцвілымі вачыма, прамым носам і жорсткім ротам. Хлопец гэты стаяў з выцягнутай рукой, рабіў выгляд, што зараз шпульне ў акно чорны прадмет – увасабленне сваіх даўніх мараў. Шпульне, праб’е акно на варыўні, разаб’е свае блакітныя мары.

      – Чакай, – Слава затрымала Рыгоркаву руку, – дай сюды.

      Чарупіна нечакана аказалася цёплай, амаль гарачай. І Слава зразумела, што цяпло ідзе адтуль, з сярэдзіны, ад схаванай пад чорным шкарлупіннем істоты.

      – Мы выгадуем цмока! – сказаў Рыгорка.


Скачать книгу