Гняздо-2 (зборнік). Паліна Качаткова
верасні вітрына з прыкладамі паслуг Менcкага дома фота мяне ўразіла і напалохала. Па сутнасці, прапануецца фальсіфікаваць сямейную гісторыю – спалучаць на здымках людзей, якія ніколі разам не фатаграфаваліся, альбо прыбіраць са здымкаў тых, хто па нейкіх прычынах няўгодны. Гэта мана сабе і людзям. А «замена фона» – яшчэ тая паслуга. Змрочны фон калідора ў «хрушчоўцы» замяняецца на прыгожае зялёнае футбольнае поле. Я раней не ведала, што людзі такое робяць. Была перакананая, што толькі палітычную гісторыю фальсіфікуюць. Так паступова знікалі паплечнікі Сталіна з фотаздымкаў – і зразумела, чаму знікалі. Яны знікалі не толькі з фотаздымкаў, але і з жыцця.
Вось два фота – малады вайсковец і маладая дзяўчына. І вось яны ўжо разам на адным фота. Навошта? Не сфатаграфаваліся разам? Значыць, была на тое прычына. Альбо жанчына немаладая каля аблезлага плота сфатаграфаваная, а ёй фон змянілі – жытнёвае поле. Навошта? Каб «красіва было»?
Мая сяброўка рэжысёрка і грамадская актывістка Вольга Мікалайчык лічыць: чалавек прагне аднолькава як самападману, так і не існуючай вакол яго гармоніі альбо не заўважанай своечасова прыгажосці. Імітацыя, ілюзія сёння актуальныя як ніколі: не важна рабіць у сваім жыцці нармальны фон – яго можна будзе памяняць на фота ў фоташопе ці ў фотаатэлье. Калі путана вешае на сцяну свой партрэт у касцюме Беласнежкі, яна не робіцца больш шчаслівай. Можа, у гэтае фота павераць ейныя чыстыя сумленныя нашчадкі – мы ж не ведаем. Мараль грамадства пакуль яшчэ патрабуе адрэтушаваных фотак на сцяне дома, сцяне Фэйсбуку…
Гэта, напэўна, добра, што ёсць мяжа маралі ў соцыуме, але страшна, што яе часам няма ў самім чалавеку. А я так думаю: хочаш добры фон – дык зрабі яго ў сваім жыцці добрым.
Негатывы
Апоші раз фатографа Уладзіміра Сапагова бачыла ў 2000 годзе на офісе Таварыства беларускай мовы ў Мінску, дзе ў той час адзін пакой арандаваў праваабарончы цэнтр «Вясна». Уладзімір Сапагоў, як звычайна, зайшоў на ТБМ з фотаздымачом Canon. Ён паўсюль хадзіў з фотаздымачом і фатаграфаваў усё: падзеі, людзей, акцёраў, палітыкаў, пісьменнікаў. І ў той раз на ТБМ было каго фатаграфаваць. Спачатку пісьменніка Кастуся Тарасава, пасля на ТБМ зайшоў паэт Анатоль Сыс. І Сапагоў фатаграфаваў і Кастуся Тарасава, і Анатоля Сыса, і мяне, і маю сяброўку і калегу Аліну Палаўнёву. І ўсіх разам. Вясёлыя, мы пазіравалі ў тэбээмаўскіх фатэлях. Фотаздымкаў мы не пабачылі, фатографа Сапагова таксама больш не бачылі, прынамсі я. На сённяшні дзень з усіх удзельнікаў той фотасесіі ў жывых толькі я.
У 2015 годзе пра фотаздымкі Уладзіміра Сапагова ўзгадалі ў Фэйсбуку мы з Марынай Сідаровіч. Марына напісала, што «трэба знайсці Сапагова», бо ў васьмідзясятыя ён фатаграфаваў усе Купаллі. Я тады адказала, што ў наш час, калі чалавека доўга не бачыш, ёсць вялікая верагоднасць, што ён ужо і не жыве.
Уладзімір Сапагоў ніколі не развітваўся з фотаапаратам. Жыў у інтэрнаце Трактарнага завода, быў самотным чалавекам – гадаваўся ў дзіцячым доме. Я пачала яго шукаць, і аказалася, што яго ўжо тры гады няма ў жывых. Пахаваны на вясковых могілках пад Мінскам. Пахавалі сябры, на магіле – помнік з выявай галубкі.