Трынаццаць дзён (зборнік). Анатоль Кудласевіч
пазляталі з дрэваў і з карканнем насіліся над палянай – тысячы галодных глотак зліваліся ў адзін жудасны рык, нібы пад зямлёю абудзілася і зарычэла вялізная драпежная звяруга. Ад мноства чорных крылаў зацьмілася сонца, падалося, што насунулася ноч. Спачатку ледзь чутна, а потым усё мацней і мацней залязгала дзесьці зброя, заіржалі коні, пачуўся тупат тысяч і тысяч чалавечых ног, конскіх капытоў, скрып калёс. І з левага і з правага боку набліжаліся войскі. Важак прадбачыў правільна: будзе сеча!
…Ён быццам узбег па трапе і ўціснуўся ў кабіну не то самалёта, не то нейкай ракеты. Чалавек добра памятаў, што атрымаў важнае заданне: хто яго даваў – ён забыўся, але само заданне павінна быць выканана. Рвануў на сябе штурвал, і машына, разбегшыся па ўзлётнай паласе, набрала хуткасць і паляцела.
У ілюмінатары заміргацелі зоркі.
«Тут ёсць нейкі падман, – падумалася яму, – сяджу ў кабіне (за шклом!), – а валасы трэпле вецер! Куды я лячу? – успыхнула думка, – што ад мяне хочуць? Мне патрэбна назад! Там, унізе, без мяне здарыцца штосьці важнае…». Ён добра помніў, што, адлятаючы, пакінуў нейкую частку сябе на зямлі, з якой заставаўся звязаны (гэта і непакоіла), быццам раздвоіўся і цяпер знаходзіўся адначасова ў двух месцах. «Так не можа быць! Не бывае гэтак, – думаў чалавек, – гэта нешта звышнатуральнае і незвычайнае». Невядомая сіла як магнітам цягнула яго да долу, а другая, такая ж таямнічая і магутная, несла наперад. Хоць ніколі ў жыцці не лётаў ні самалётам, ні іншым апаратам, чалавек налёг на штурвал усім целам і павольна змяніў курс. «Хутчэй, хутчэй!» – прыспешваў паслухмяную машыну. І неўзабаве зноў апынуўся на зямлі. Штосьці нязвычайнае адразу ўразіла яго.
«Што ж гэта? Што?!» За той час, як яго не было, тут здарылася нешта жахлівае, быццам адбыўся нейкі жудасны сусветны катаклізм. «А можа, прайшлі мільёны гадоў за час майго палёту? – спужаўся чалавек. – Куды я прыляцеў: у мінулае, калі нічога яшчэ не пачыналася, ці ў будучае, калі ўжо даўно ўсё скончылася?». Людзей не было, не было нават жывёл і раслін – мёртвая прырода вакол. За кароткі, як падалося яму, час усё некуды знікла. Чорная, абгарэлая зямля пад нагамі. Сям-там пабліскваюць згасаючыя агеньчыкі: клубы дыму, якімі плюецца агонь напаследак, атрутай выядаюць вочы. Вязкі, свінцова-хісткі туман, і нікога наўкола – аніводнай душы. Адзін! Цягучая, прыліплая цішыня абступіла яго з усіх бакоў. Як зацкаваны звер, кідаецца ён з аднаго боку ў другі ад невядомай, але адчувальнай небяспекі: «Куды зніклі людзі? Чаму яны забыліся пра мяне?» Штосьці падобнае ён адчуваў калісьці ў дзяцінстве, як заблудзіўся ў лесе, – касмічная туга па жывым працяла наскрозь: я адзін на зямлі і нікога не будзе ніколі, вечна… Ух, якая ж ты страшэнная, вечнасць у адзіноце! І ўсё ж такі ён і далей упарта прабіраўся скрозь клубы дыму з надзеяй напаткаць каго-небудзь. Хацелася спытаць: а куды ж усе згінулі, што здарылася тут без мяне? Хацелася падзяліцца з кім-небудзь уражаннем аб палёце альбо, нарэшце, проста ўпэўніцца, што ёсць акром яго жывая душа ў гэтым свеце. І