Дыплом на царства. Аркадзь Ліцьвін
поглядам Сапегі не здолеў бы зманіць. Тым болей, што афіцэры былі сведкамі сутычкі на дзядзінцы і тыя трое маглі дабівацца нейкай ім зручнай справядлівасці. Уздыхнуўшы раз—другі, мужна выклаў сваю кароткую гісторыю, толькі падкрэсліўшы сваё права ратаваць жыццё ад такога ганебнага і незаслужанага прысуду.
– Жыццё, яснавяльможны пане, Богам дадзена, – як апраўданне давёў Воўк, – і марна ім раскідвацца некаму на пацеху лічу грахом! Зла я не ўчыніў.
Сапега маўчаў і думаў, колькі такіх па ягоных маёнтках траціць жыццё ў безнадзейных бунтах, альбо падобных гісторыях. Можна было б і аддаць хлапца тым тром, бо хоць і добры быў бы кур’ер, на службу браць не рэзон, падсцерагуць не тут то там, ды яшчэ з паперамі. Сапраўды, адна яму дарога, у казакі. Колькі год ні пражыве – усе ягоныя, на волі. Хоць якая там воля, таксама вядома. Але ж не ў пастронку завіснуць, не на кол сесці перад аднавяскоўцамі. Вялікі канцлер вырашыў.
– Заапякуйся ім, Клімэнт, – ціха прамовіў да афіцэра і зірнуў на Ваўка. – Ідзі, казак, з панам і ва ўсім яго слухайся. А за выкананне загада хвалю. Малайцы з панам Бражынам!
– Але ж, яснавяльможны пане, пан Бражына…
Вялікі канцлер усміхнуўся.
– Пра яго не думай. Усё будзе добра. Ён павярнуўся да пана Вялічкевіча і да Ваўка даляцела, пакуль адступаў да дзвярэй: – Непакоюся, браце! Вельмі непакоюся. Але ж не паляціш сам. – Намі ўсё падрыхтавана, яснепане. Неадкладна выправім, – запэўніў афіцэр.
Воўк апошні раз пакланіўся і адступіў за дзверы, чакаючы свайго апекуна.
Чакаць давялося даволі доўга. Калі пан Клімэнт нарэшце адчыніў дзверы, даляцелі словы пана канцлера.
– Гэтым людзям усё здаецца, нібыта нічога не робячы, дачакаемся, што Масква сама нам у рукі палезе. Ды яшчэ з Персіяй, – апошняе прагучала вельмі з'едліва.
– Нехапае разумення, яснепане, – адказаў пан Клімэнт і, махнуўшы Ваўку ісці ўслед, пакрочыў шпаркім крокам. – Зараз паразмаўляем, – прамовіў ён, зачыніўшы дзверы невялікага пакойчыка ў канцы калідора, – затым цябе накормяць, апранешся па людску і ў дарогу!
Воўк радасна заківаў. Пан Клімэнт узняў палец на знак увагі.
– Атрымаеш жалезны ліст да пана гетмана Жулкеўскага, але паедзеш да Вільні! – падкрэсліў ён. – Павязеш лекі для пані Гальшкі, Эльжбеты Сапегавай, пані канцлеравай, – паправіўся ён. – Сам разумееш, задача не для кожнага. Ліст не каралеўскі, ніхто цябе не зачэпіць, але будзь пільным. Розныя трапляюцца людзі і на вольнай дарозе.
– Ой, розныя, – уздыхнуў Воўк ледзь не па—старэчы, насмяшыўшы пана Клімэнта.
Афіцэр спаважнеў і строга папярэдзіў: – Спадзяюся на цябе, бо поштай пяць, а то і шэсць тыдняў, а хвароба падганяе.
– Не замаруджу, пане. Конік мой не шпаркі але цягавіты. Абы аўсу ў тарокі далі…
– Гэта будзе, – супакоіў пан Клімэнт. – Рады, што не просіш адпачынку.
Воўк зірнуў на спагадлівага афіцэра і прызнаўся: – Не ў галаве ён мне, пане, з—за тых трох, але неяк выслізну.
– Не