Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік). Ян Максімюк
лягеру. Насуперак чаканьням, не эротыка і не парнаграфія завалодалі ўяўленьнямі і сэрцамі мільёнаў кнігалюбаў на тэрыторыях толькі што здабытай выдавецкай і чытацкай свабоды, а Hollywood-made dreams, увасобленыя ў безлічы harlequin-аў, romance’аў, judith-kranz’аў i danielle-steele’аў. На постсавецкай прасторы, апроч таго, неверагоднай папулярнасьцю карысталіся бразыльскія тэлесэрыялы. Напачатку Глёбус працаваў сам, пішучы працягі папулярных літаратурных хітоў ды штампуючы раманы паводле тэлесэрыялаў, што дэманстраваліся на расейскім тэлебачаньні. Іх наклады сягалі мільёну асобнікаў. Рынак і попыт расьлі, таму Глёбус стварыў нешта накшталт цэху менскіх пісараў, якія заняліся перанясеньнем на паперу тэлевізійных гісторыяў і пісаньнем працягаў самых розных заходніх бестсэлераў. Гэты працэс быў пастаўлены на шырокую нагу і даваў добрыя грошы. Пры даволі напружаных выдавецкіх тэрмінах (тэлесэрыялы ўвогуле паказвалі пару разоў на тыдзень) даводзілася карыстацца дыктафонамі і наймаць спэцыяльных кур’ераў, якія апэратыўна дастаўлялі стужкі з запісамі ў маскоўскае выдавецтва.
Слынны жалезны сэйф Глёбуса, у якім сабраныя звыш 100 тамоў тварэньняў фірмы „Глёбус & Сo“, стаў легендаю менскага літаратурнага асяродзьдзя. Мяркую, што ня толькі дачка Скарлет са „Зьнесеных ветрам“, але і яе ўнучка патрапілі ў новыя вэрсіі кніжных лёсаў з-пад пяра, так бы мовіць, калектыўнай беларускай Маргарэт Мітчэл. Ігар Бабкоў, менскі паэт і празаік, гэтак выказаўся пра ўсюдыіснасць свайго сябра Адама Глёбуса на постсавецкім выдавецкім рынку: „Калі я бачу новую заходнюю назву на паліцы менскай кнігарні, дык маё першае памкненьне – патэлефанаваць Адаму і запытацца, ці гэта кніга ягоная, ці нейкага рэальнага замежнага аўтара“ (з выступу на літаратурным сэмінары „Бязьмежжа“ ў Гайнаўцы ў 1996 г.). Несумненна, у гэтай дзейнасьці ня ўсё ў парадку з аўтарскімі правамі, але ў мяне не ўздымаецца пяро, каб напісаць хоць слова асуджэньня на адрас Глёбуса і ягонай фірмы. Бо апроч масавай прадукцыі Глёбус займаецца і сапраўднай літаратурай, а яго фірма дае сталы заробак добраму гурту менскіх літаратараў, якія ў іншым выпадку мусілі б зарабляць сабе на жыцьцё значна далейшымі ад літаратуры заняткамі.
Згаданая непрыхільная (і адзіная) рэакцыя менскага штотыднёвіка „Літаратура і мастацтва“ на „Дамавікамэрон“ тлумачылася, як падаецца, дзвюма асноўнымі прычынамі. Першая зь іх звязана з успадкаваным ад савецкай эпохі суцэльным табу на эротыку і сэкс у літаратуры. Другая палягае ў неадэкватным прачытаньні пасланьня кнігі і прыпісваньні аўтару інтэнцыяў, якіх ён у сапраўднасьці ня меў.
Відавочна, „Дамавікамэрон“ выкарыстоўвае эратычна-сэксуальныя матывы настолькі шчыра і непасрэдна, што можа вымагаць пэўных агаворак ня толькі ў беларускага чытача, які ня меў ніякага ўзору такой літаратуры на сваёй мове, але і ў польскага, які мае багаты выбар літаратуры „на гэтую тэму“, як у перакладах, гэтак і ў айчынным пісьменстве. Прынцып, што „ў Савецкім Саюзе сэксу няма“, які ўмацоўваўся