Словы ў голым полі. Беларуская літаратура 1990-х y снах, успамінах і фотаздымках (зборнік). Ян Максімюк
гаспадаркі, сталінскія перагібы), у 60-я прыйшоў час спакою й адноснага дабрабыту ды, што вельмі істотна, паўсюдна адчуванага грамадзкага павышэньня беларуса ў сацыялістычнай рэчаіснасьці. Агульны настрой быў аптымістычны. Беларускае літаратурнае слова ў вясковым асяродзьдзі ўспрымалася даволі прыхільна; можна сказаць, што існавала пэўная зваротная сувязь паміж пісьменьнікам і чытачом (ці, больш верагодна, слухачом на аўтарскіх сустрэчах). Інакш кажучы, існавала грамадзкая патрэба ў літаратуры на беларускай мове. Беларуская літаратура ў Польшчы пачыналася ў абставінах жыцьцёвай гармоніі беларускага лёсу. Беларусы ў агульнай масе заставаліся вернымі сваёй натуры. Скрыўленьні беларускага лёсу й характару прыйшлі пазьней, разам з дэмаграфічна разбуральнымі працэсамі ў 1970-я, у эпоху „другой індустрыялізацыі”. Потым ужо ўсё было ня так, як раней. З пэрспэктывы сёньняшняга дня і віленскае „нашаніўства” бачыцца як пэрыяд (дзесяцігодзьдзе якраз!) гарманічнай адэкватнасьці беларускага лёсу і той літаратуры, якая яму спадарожнічала. Потым усё пайшло зусім інакш.
Беларуская літаратура ў Польшчы займела сваю маральную аснову і адначасова сэнтымэнтальную Аркадыю (ці, можа, Ітаку) ва ўсходняй паласе вясковай Беласточчыны, у беларускай малой айчыне, якую палякі назвалі ścianą wschodnią. З пэрспэктывы гэтай ідэальнай ваколіцы, якая за 30 наступных гадоў зьмянілася ў нешта непазнавальна іншае, аўтары „Белавежы” глядзелі на ўвесь астатні сьвет і наступны час ды мералі свой жыцьцёвы досьвед меркай адэкватнай рэчаіснасьці, якая назаўжды прапала. Ёсьць нешта глыбока сымбалічнае ў факце, што прадчуваньне сёньняшняй жахлівай катастрофы і ганьбы нашага этнасу мы знойдзем адно ў творчасьці Надзеі Артымовіч, паэткі амаль наглуха зачыненай ад рэальнасьці навонкі ейнай душы, а ня ў творах нашых іншых масьцітых „белавежцаў”, больш ці менш адкрытых на грамадзка-палітычны кантэкст свайго часу. Дарма што не пад сацрэалістычным пісталетам, беластоцкая беларуская літаратура ў агульным сваім рэчышчы, таксама як і савецкая, разыйшлася з плыняй часу, адпрэчыўшы магчымасьць сумневу і затрымаўшы дарагія сэрцу юнацкія ілюзіі.
1990-я гады, якія прынесьлі істотныя зьмены ў агульным грамадзка-палітычным і культурным раскладзе беларускай энэргіі на Беласточчыне, не далі нічога такога ў літаратуры, што можна было б назваць падзеяй. Парадаксальна, 1990-я сталі часам даволі добрага фінансавага забесьпячэньня беларускамоўнай літаратуры. Дзяржаўная датацыя дазволіла выдаць амаль усё, што надавалася для выдаваньня. Але выдавецкая дзейнасьць „Белавежы” была скіраваная перш за ўсё на тое, каб нагнаць мінулыя нішчымныя дэкады й замацаваць той вобраз літаратуры, які выразна абрысаваўся ўжо ў 1960-х. Не адбылося нейкага яскравага й цікавага літаратурнага дэбюту. Зваротная сувязь у трыядзе аўтар-чытач-крытык не ўстанавілася. У грамадзкім вымярэньні беларускае прыгожае пісьменства засталося зьявай маргінальнай і элітарнай.
Той згустак