Навелы. Андрэ Маруа

Навелы - Андрэ Маруа


Скачать книгу
Сабіна табе не падабаецца!.. Да таго як мы пажаніліся, яе лічылі тваёй нявестай…

      – Вось іменна… І яна мне ніколі не даруе, што я аддаў перавагу табе. А потым я гадоў пятнаццаць яе не бачыў; цяпер яна, мабыць, дзябёлая матрона…

      – І зусім яна не матрона, – адказала Франсуаза. – Сабіна толькі на тры гады старэй за мяне. І ва ўсякім разе шкадаваць позна ўжо… Сабіна і яе муж будуць тут а восьмай гадзіне.

      – Ты хоць бы параілася са мной… Чаму ты так зрабіла?.. Ты ж ведаеш, што мне гэта непрыемна.

      – Шчаслівай прагулкі! – весела пажадала яна і выскачыла з пакоя.

      Гэта сутычка з жонкай сапсавала Антуану настрой. Яе звычайны манеўр – ухіляцца ад спрэчак. Ідучы па дарожцы над морам сярод пахілых вуглаватых сосен, ён разважаў:

      – Разбэсцілася Франсуаза… Проста нельга цярпець… І добра ж ведае, што я не жадаю сустракацца з гэтай парай. Пра свой намер мне ні слова… Усё часцей і часцей яна ўжывае тактыку гатовага факта… І навошта было запрашаць Сабіну Ламбер-Леклерк? Відаць, ёй нудна са мной і дзецьмі… Але каму захацелася пасяліцца тут, у гэтай глушы? Хто мяне прымусіў пакінуць Пон-дэ-Лёр, свае справы, сваіх блізкіх і ў маладыя гады супроць сваёй волі зашыцца ў гэтым кутку?..

      Калі ён пачынаў успамінаць асабістыя крыўды, ім канца не было. Аднак Антуан моцна любіў сваю жонку; ён быў перапоўнены пачуццямі і любіў яе, я сказаў бы, эстэтычна. Мог цэлы вечар нястомна любавацца яе зграбным носам, яе светлымі вясёлымі вачамі, тонкімі рысамі твару. Але як яна часам умела яго даводзіць! Выбраць мэблю, плацце, кветкі, – на гэта Франсуаза была мастак. Што датычыцца людзей, тут у яе не хапала такту. Антуану было вельмі балюча, калі яна зневажала каго-небудзь з яго сяброў. Ён адчуваў і сваю адказнасць і сваё бяссілле. Потым доўга асыпаў яе папрокамі, яна моршчылася, але не звяртала асаблівай увагі, ведаючы, што вечарам каханне возьме верх і ёй будзе ўсё даравана. Потым ён прызнаў яе такой, як яна ёсць. А гадоў праз дзесяць пасля жаніцьбы пераканаўся, што яна ўжо не зменіцца.

      – Маўглі, сюды!..

      Ён зайшоў на пошту. Па дарозе назад яго думкі аб Франсуазе сталі яшчэ болей змрочнымі. Хоць бы яна была верная. У гэтым ён не сумняваўся, аднак яе какецтва і нават неасцярожнасць надта ўжо кідаліся ў вочы. А ці быў бы ён шчаслівейшы з Сабінай Ламбер-Леклерк? Ён уявіў сабе сад у Пон-дэ-Лёры, дзе яго, маладога хлопца, прымала Сабіна. Увесь горад сцвярджаў, што яны жаніх і нявеста, і самі яны, нічога аб гэтым не гаварыўшы, былі ўпэўнены, што пажэняцца.

      «У Сабіны быў агнявы тэмперамент», – падумаў ён, успомніўшы, як некалі на танцах яна тулілася да яго.

      Яна была першай дзяўчынай, з якой ён трымаўся смела, мабыць, таму, што адчуваў узаемнасць. Яна была жаданай і любай. Потым з'явілася Франсуаза, і тады ўсе іншыя дзяўчаты перасталі для яго існаваць… Цяпер ён прывязаны да Франсуазы. Дзесяць гадоў сямейнага жыцця. Трое дзяцей. Канец мелодыям вясны.

      Сустрэўшы яе ў гасцінай, прыгожую, свежую, у муслінавым плацці ў яркія кветкі, ён забыў пра свой гнеў. Гэта яна, Франсуаза, стварыла іх дом, іх сад, якімі так захапляюцца госці. Гэта яна, Франсуаза,


Скачать книгу