Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
«Дэйсі Мэй, годзе ганяць кураў, а то зноў на ланцуг пасаджу!» Самыя выхаваныя і прыстойныя кавалеры Эмы, і тыя ў падобных выпадках не маглі стрымаць смяшок, скоса пазіраючы на мяне.
– Ваша імя таксама не са звычайных, – ветліва адказала я.
Ён чмыхнуў.
– Так, мае продкі верылі ў значнасць імёнаў. Славесная магія, ну, вы разумееце, – і ён зрабіў магічныя рухі рукамі. – Маё імя – гэта волаты, генералы і нават адзін вулкан.
Калі гарбата была дапіта, а твар мой вярнуўся ад надзвычайнай бледнасці да звыклага адцення жытнёвага блінчыка, сэр Лемюэль праводзіў мяне на гандлёвую вуліцу, а потым на станцыю, і я паспяхова прывезла дахаты пэндзлі з вавёрчынага хваста, адрэз ільнянога палатна, спецыі, прысмакі… і велізарны цяжкі камень на душы.
Калі не можаш змяніць сваё жыццё – прымі яго такім, якое яно ёсць. Трыццаць гадоў я жыла спакойна, змірыўшыся са сваёй доляй, разумеючы, што нічога не змяніць. У мяне добры характар, я заўсёды імкнуся вывернуць любую сітуацыю на добры бок. Але цяпер у майго жыцця з’явіліся два левыя бакі. Як ні круці – усе вузлы наверх…
Частка 6
Прайшоў тыдзень ці два. Я старанна цягала на душы свой каменьчык – ён не станавіўся лягчэйшым, але паступова я прывыкла да яго. Сям’я нічога не заўважыла, бо я не дазваляла сабе жалобіцца на людзях ці скардзіцца. Я раскладвала сукенкі для Эмы, давязвала апошнюю пару шкарпэтак з прабабуліных клубочкаў, дапамагала бабулі палоць градкі з морквай і сушыць на зіму кроп.
Яшчэ я пазіравала Алісе, якая раптам пастанавіла стаць выбітным партрэтыстам. Не ведаю, як твары, а жытнёвыя блінцы атрымліваліся ў яе нядрэнна. Гэта стала зразумела пасля першага ж майго партрэта, а ўсяго яна напісала іх пяць. Так, напісала, ніколі не кажыце мастаку, што ён «малюе», вы рызыкуеце нанесці яму смяротную крыўду. Мастакі пішуць. Нават калі іх творы больш за ўсё нагадваюць пярэсты дыван, на які хтосьці перакуліў паднос з кавай, джэмам і яечняй, лепш памаўчыце і паківайце з глыбакадумным выглядам, і тады вы застанецеся ў добрых стасунках. Вам жа ўсё роўна, а чалавеку прыемна.
Неяк за сняданкам цётка Аўгуста праглядала пошту. Штодня яна атрымлівала мноства лістоў ад сябровак. Гэта былі запрашэнні на каву, паштоўкі з паездак на воды, шматстаронкавыя апісанні нечых вяселляў і хрэсьбін, выкрайкі модных блузак, рэцэпты страў. Нікому, акрамя яе, лісты не прыходзілі, таму яна машынальна разрэзвала адзін канверт за другім, нават не паглядзеўшы на адрасата. І раптам дзесьці паміж аўсянкай і булачкай з маслам цётка Аўгуста сказала: «Вой!» – і мы ўсе паднялі галовы ад талерак.
– Дэйсі, ты не казала мне, што чакаеш ліста, – сказала цётка Аўгуста абвінавачвальным тонам і працягнула мне адкрыты канверт. Не ведаю, паспела яна прачытаць увесь ліст цалкам ці толькі першыя радкі, але да канца сняданку яна раз-пораз паглядала на мяне з сумессю здзіўлення і дакору. Нават не ведаю, чым яна была незадаволена больш: тым, што трапіла ў няёмкае становішча, прачытаўшы чужы ліст, тым, што яе падчарцы піша нейкі падазроны