Разламашкі майстра Люфта (зборнік). Кацярына Мядзведзева
ведзьмака. Цікава, можа, і праўнук зарабляе тым жа, проста мне не прызнаўся? Ды я ж і не пыталася…
Частка 7
У гэты раз я спачатку справіла пакупкі і на Самшытавай вуліцы з’явілася ўжо з пакункамі. І чым бліжэй падыходзіла да дому, тым больш гэта месца зноў здавалася мне знаёмым. Быццам я бывала тут шмат разоў.
Дзіўна, але сэр Лемюэль-малодшы сапраўды чакаў майго візіту. Чыста паголены, прычасаны, у свежай кашулі, ён сустрэў мяне ля брамкі і паведаміў, што ўбачыў маё набліжэнне ў падзорную трубу.
– Ледзь паспеў спусціцца з грушы! – сказаў ён радасна.
– З грушы? – перапытала я. У нашай сям’і ніхто не лазіць па дрэвах, і я крыху разгубілася, не разумеючы, жартуе ён ці гаворыць сур’ёзна.
– Ну так, – ён паказаў рукой у сад, – калі ўзлезці на верхнія галінкі, можна ўбачыць усю Самшытавую вуліцу і кавалачак Галоўнага праспекта. Наогул, я правяраў гняздо мазгаклюя, ці не вылупіліся яшчэ птушаняты. А заадно і прасторы акінуў вокам, прадзедаву трубу трэба час ад часу выводзіць пагуляць. Вы ішлі павольна. Напэўна, у вас цяжкія пакупкі ці каменьчык нацёр нагу?
Пакупкі былі няцяжкія, але не распавядаць жа яму пра мой каменьчык? Таму я прамаўчала і загадкава ўсміхнулася. Гэты ўрок я засвоіла з ранняга дзяцінства, калі дарослыя невыразна ўсміхаліся ў адказ на мае няёмкія пытанні.
– Я так рады, што вы знайшлі час і выбраліся ў дарогу, – казаў сэр Лемюэль-малодшы, адчыняючы перада мной парадныя дзверы. – Ведаеце, наша гутарка не выходзіла ў мяне з галавы. Каюся, я нават распавёў пра вас маёй матухне. Не, не хвалюйцеся, – выклікнуў ён, заўважыўшы маё хваляванне, – я распавёў усё самае лепшае пра вас! І мая матухна сказала, што калі вы шукалі прадзеда, то, відавочна, вам і праўда вельмі патрэбна дапамога. Я быў зусім немаўлём, калі прадзед памёр, і, на жаль, дрэнна яго памятаю. Але мама распавяла мне шмат чаго. Ён дапамог столькім людзям! Пагалоска пра яго чароўныя зеллі разышлася далёка па краіне, і амаль кожны дзень да яго прыязджалі людзі ды казалі гэтак жа, як і вы: «Сэр Лемюэль, толькі вы можаце мне дапамагчы!» І ён дапамагаў! Мама нават паказала мне кнігу з падзякамі.
Яго вочы гарэлі.
– Хацеў бы я прыносіць гэтулькі дабра, колькі мой прадзед, – сказаў ён з пачуццём.
– Вы казалі пра нейкую важную паперу, – нагадала я. Мне не цярпелася стаць адной з тых, каму дапамог сэр Грымсвотн-старэйшы. Я нават ведала, якую падзяку пакінула б у той кнізе. «Рабіць дабро нават пасля сваёй смерці – ці не гэта сапраўднае чараўніцтва?!»
– Так! – Лемюэль пляснуў сябе па лбе. – Прабачце, Дэйсі, я жудасна рассеяны. Вось учора я выліў малако ў цукарніцу, размяшаў і выпіў палову, перш чым адчуў, што ў маёй ранішняй кавы нейкі дзіўны смак…
– Чым жа вы былі так захоплены ў гэты момант? – не стрымалася я.
– Ды быў заняты сім-тым, – унікліва адказаў ён і, быццам не жадаючы працягваць гутарку, выйшаў з пакоя, але неўзабаве вярнуўся, трымаючы ў руках канверт.
– Вось ліст, пра які я вам паведаміў. Я не