Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
ў турэмнай карэце – Лёдніка заграблі ў карчме з-за таго, што ён нібыта займаўся там вядзьмарствам, і раскаяны алхімік распавядаў па дарозе, як давёў сябе да халопскага стану, распрадаўшы маёмасць, каб рабіць доследы па здабыцці філасофскага каменю. Што ж, няхай спавядаецца ізноў – не ўсё ж студэнтаў бедных мучыць.

      – Я кепска памятаю, як мне абвесцілі вырак суда і прывезлі ў маёнтак Агалінскіх… – ціха гаварыў алхімік, гледзячы ў падлогу. – Калі па мяне прыйшлі ў мой закладзены дом, выламаўшы дзверы, я якраз заканчваў выпарваць адну цікавую субстанцыю… А потым – потым туман. Адно я вырашыў, што Божае пакаранне трэба трываць годна. Няхай церпіць цела – варта паспрабаваць выратаваць душу. Ніякай алхіміі, астралогіі, доследаў над бесцялеснымі субстанцыямі! Нават дэкумбітуры хворага больш вылічваць не стану… Так, пераламала мяне тады ўнутры добра.

      Напачатку пан Агалінскі быў са мной нават ветлівы – дагэтуль мы ж не раз сядзелі за адным сталом, ён любіў паслухаць мае “вучоныя размовы”… А займець уласнага дыпламаванага доктара – гэта ж лепей, чым пародзістага ганчака! Мне адвялі пакойчык, я абсталяваў невялікую лабараторыю, пацягнуліся пацыенты – слугі, дваровыя людзі… У паніча Андруся Агалінскага – руды такі хлопчык, вясёлы, непаседлівы – акрым драпінаў ды сінякоў, надарылася пнеўманія, надумаўся быў стронгу рукамі лавіць у суседняй рачулцы, імклівай і халоднай, як лёд. Вылечыў… Давялося падбіраць зёлкі і пані Галене, яна пакутуе на сардэчную хваробу. І не было таго, што ты падумаў, блазнюк. Я даваў клятву Гіпакрата. Я ніколі не дазволю сабе падысці да ложка хворай з пажадлівымі намерамі. І пані Агалінская проста была паважлівай са мной… Шчыра кажучы, я яшчэ й раздражняўся страшэнна ад яе спачування – нізавошта не хацеў, каб мяне шкадавалі. Няхай лепей баяцца, ненавідзяць, пагарджаюць… Толькі не шкадоба.

      А потым пан Агалінскі загадаў мне скласці гараскоп – збіраўся на сеймік, хацеў даведацца, якіх мітрэнгаў чакаць. А я адмовіўся. Хаця раней распісваў яму па табліцах Эфемерыдаў хоць бы і шлях у прыбіральню. І тады пан сказаў, што час мне з’ясаваць, хто я такі ёсць.

      І выпісаў мне першую цыдулку да Базыля…

      Не, Базыль – не просты кат, мужыкоў караў іншы чалавек. А на гэтага быў ускладзены абавязак сачыць за паводзінамі ў панскім доме – лёкаяў, пакаёвак, фурманаў, кухараў… Калі хто праштрафліваўся – пан пісаў на паперцы лічбу і адпраўляў віноўнага з ёю на стайню, дзе быў асаблівы закуток – там можна было зручненька раскласці чалавека і ўсыпаць яму столькі бізуноў, колькі напісана на паперцы.

      Калі чарга дайшла да мяне, уся прыслуга была шчаслівая – яны ж дагэтуль не маглі зразумець, як да мяне ставіцца: нібыта пан, нібыта строгі… А сам такі ж, як яны.

      І пайшло кола ўпоперак каляіны… Кожную раніцу я падаваў пану Агалінскаму ягоныя лекі для лепшага стрававання – ён пераядаў тлустага. Пан патрабаваў гараскоп, я адмаўляў, атрымліваў цыдулку, ішоў на стайню, і Базыль меў клопат выдаць мне тое, што прапісаў пан. Стараўся напачатку аж надта: а вось табе, выскачка ў пудраным


Скачать книгу