Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
малюнак…

      Пранціш зласліва пасміхнуўся:

      – Затое злодзеі яго не атрымаюць!

      І паказаў Лёдніку дэталь са шпіндзялёчкам, забраную з Пандоры. Прафесар толькі галавой пакруціў і прамармытаў нешта наконт таго, што ваўка хоць з залатой лыжкі кармі, да кашы не прывучыш. Але дэталь забраў.

      Вырвіч яшчэ раз азірнуўся наўкол.

      – Слухай, чаму б не звярнуцца да тых паноў, што тэстамент прывозілі? Ягоная мосць Міхал Казімір дакладна ж хацеў, каб менавіта ты лялькай заняўся.

      Прафесар падштурхнуў нагою павалены жалезны падсвечнік, і той загрымеў па камянях, як павалены Галіяф.

      – Да каго ты зараз звернешся, калі ўсе п’яныя, як бэлі? Пане Каханку пастанавіў, што два гады будзе па бацьку хаўтуры спраўляць, вар’ят няшчасны. Цела яшчэ тут, а каля Нясвіжу ўжо цэлы горад з намётаў ладзяць шляхетныя аматары папіць-паесці надарэмшчыну. Не, абаронцаў у нас тут не знойдзецца. І Саламеі не кажы… Хвалявацца пачне. А я яе і так сёння скрыўдзіў… Яна прасіла калі не аддаць ляльку князю Радзівілу – дык хоць дапусціць да яе калегаў. А я на яе налаяўся…

      Бутрым уздыхнуў, абвёў вачыма разгромленую, як маскалі на Уле, лабараторыю:

      – Ну што, Вырвіч, прывядзі сюды яшчэ двух праштрафленых недавукаў, Недалужнага ды Гаравога. Хопіць вам у косткі гуляцца. Лепей папрыбірайце тут уласнымі ручкамі, яснавяльможныя паны. Лёкаяў у сваю лабараторыю ўсё роўна не дапушчу.

      Небарака Недалужны толькі і сказаў на адрас прафесара:

      – Каб ён аблез няроўна!

      …Цікава, якія існуюць адзінкі для вымярэння злосці? Сабачы брэх, лаянка гандляркі, плявок мытара? Якімі б яны ні былі, Пранцысь па вяртанні з Акадэміі быў злосны на дзесяць лаянак, сорак пляўкоў і мех сабачага брэху. Нават улюбёная гарбузовая каша з разынкамі ды арэхамі ў горла падчас вячэры не лезла. Пандору скралі, прафесар змусіў да ганебнай мужыцкай працы, і ніякіх подзвігаў не прадбачыцца. Лёднік вунь і сам злосны сядзіць, доўгім носам над паперай водзячы, нібыта спадзяецца вынюхаць, што за месца намаляванае аўтаматам, пакрывае аркуш слупкамі лічбаў, а побач грувасцяцца стосы фаліянтаў, з якімі час ад часу нешта звярае. Другі малюнак Пандоры ляжыць на каленях пані Саламеі, але яна яго не вывучае, а, сціснуўшы тонкія пальцы, паглядае сумнымі трывожнымі вачыма то на абразы, то на мужа. Баіцца, што яе Фаўст зноў сарвецца ў містыку, забыўшыся на ўсё. І так зацяты – не падыдзі, уджаліць.

      У пакоі панавала нязвычная трывожная ціша, якую парушаў толькі шоргат старонак. Нават Хвелька зашыўся ў сваім катуху і не насмельваўся паказацца гаспадарам, хаця звычайна ад ягонай балбатні выратоўваў толькі загад Лёдніка памаўчаць. Адзін Піфагор, дапушчаны ў пакой з прычыны дажджлівага надвор’я і дзівацтва гаспадароў, што нечувана песцілі свайго вартавога, віляў сабе рудым пухнатым хвастом, тыкаўся халодным носам у далоні, заглядаў у вочы ўмольна-запытальна: чаго прыціхлі, мудрыя людцы? Вас жа ніхто на ланцуг не навязвае? Вы ж можаце яшчэ кавалачак сала дзеля беднага сабачкі ахвяраваць? Падымаў настрой


Скачать книгу