Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская

Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
злавесная… Таму што пажаўцелы аркуш паперы, які ляжаў на маленькім століку перад лялькай, больш не быў пусты. На ім красаваўся малюнак – аловак, заціснуты ў руцэ аўтамата, застыў у ягонай апошняй кропцы. Пасля некаторага здранцвення абодва даследчыкі кінуліся вывучаць пасланне механістычнага духу. Звычайны пейзаж: складзенае з буйных каменняў збудаванне, падобнае на склеп, на паўкруглай арцы над уваходам надпіс на лаціне “Тут здабудзеш перамогу агню над жалезам”. Унізе малюнка быў напісаны шэраг драбнюткіх лічбаў, падзеленых на групы рысачкамі, і слупкі літар, з якіх ніяк не жадалі складацца знаёмыя словы.

      Малюнак, калі прыгледзецца, быў недасканалы – ён увесь складаўся з асобных простых рысачак, ад чаго здаваўся каструбаватым. Але ніхто б не здагадаўся, што маляваў не жывы мастак, а бяздушны аўтамат. Лёднік так і сяк круціў аркуш, глядзеў на святло, ледзь не на смак спрабаваў.

      – А што гэта за мясціна? – не вытрымаў Вырвіч. Прафесар паціснуў плячыма.

      – Не ведаю. Праўда, надпіс над уваходам адметны, пра яго могуць быць звесткі. “Перамога агню над жалезам”… Victoria ferrum luce… Штосьці сімвалічнае, эзатэрычнае… Можа, там таемная лабараторыя? – у голасе прафесара пачулася мройнасць – так яму, падобна, захацелася ў тую лабараторыю, за новымі ведамі. – Таямніцу знаходжання яе, упэўнены, раскрываюць гэтыя літары і лічбы… Эх, ёсць адзін спосаб… Каб гэта мне раней у рукі патрапілася, я б учыніў пэўны рытуал… – твар Лёдніка стаўся такім прагна-драпежным, што Пранціш пералякаўся – бо зразумеў, што доктар успомніў пра свае заняткі чорнай магіяй, і вось-вось адновіць практыку…. Але той схамянуўся, страсянуў галавой, скідаючы ачмурэнне, вінавата перахрысціўся, прамармытаў кароткую малітву.

      – Трэба ўключыць наш аўтамат, – хай яшчэ раз памалюе.

      Лёднік прынёс са свайго стала аркуш, паклаў пад руку Пандоры. Пранціш, не чакаючы запрашэння, з радасным прадчуваннем націснуў на маленькі падважнік у спіне лялькі. Пачуўся лёгкі шум, нібыта слізгалі па хрумсткім снезе санкі, потым нешта ўнутры васковай фігуры грукнула, Пандора рэзка прыўзняла твар, і яе вочы сустрэліся з вачыма студыёзуса. Вырвіч ледзь утрымаўся, каб не адскочыць ад д’ябальскай фігуры. Лялька паглядзела направа, налева, прычым паварочвалася не толькі галава, але і вочы таксама, а грудзі ўсхвалявана ўздымаліся. Потым варухнулася рука з алоўкам… Рыска за рыскай на аркушы пачаў узнікаць знаёмы малюнак. Пандора ўважліва ўглядалася ў яго, пакручваючы галавой, а па скуры Вырвіча мітусіліся звар’яцелыя ледзяныя мурашкі. Нешта ў тым, што адбывалася, было брыдкае, бязбожнае… Злая пародыя на жыццё.

      Лёднік трымаў побач два аркушы: выявы нічым не адрозніваліся, хіба другая была больш выразная, нібыта ў абуджанай ад сну лялькі прыбавілася сілаў, і яна цяпер больш моцна націскала на аловак.

      – За гэтым малюнкам абавязкова павінна нешта важнае хавацца! – сцвердзіў Вырвіч. – Нездарма ягоная мосць Пане Каханку хоча займець гэты аўтамат!

      – Думаю, гэта князю іншыя ўвялі ў вушы, той жа ягоны канфідэнт Богуш, –


Скачать книгу