Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
я думаю, не, – няўважна адказаў Бутрым, і панеслася… Дыскутаваць сямейная пара Лёднікаў умела дасканала, з выкарыстаннем дзесяці моваў і капы навуковых слоўцаў, ад якіх у нармальнага шкаляра зводзіць сківіцы, як ад чаромхі. Хутка далікатныя белыя ручкі пані былі гэтаксама вымазаныя адмысловым алеем і абдрапаныя вострымі зубчыкамі колцаў, як і ў Пранціша і прафесара, і ўсе прысутныя, акрамя шэравокай Пандоры, паспелі тры разы пасварыцца наконт прызначэння тае ці іншае дэталі… І Вырвіч у чарговы раз падумаў, як жа пашанцавала Лёдніку з жонкай…
Лёднік накрэсліў гіпатэтычны абрыс дэталі, якой не хапала, пасля яны з Пранцішам спрабавалі нешта падобнае зрабіць з дроту і мосенжу… Прымацаваць на патрэбнае месца…
Толькі звон, які абвесціў, што час гасіць агні, змусіў перарваць працу. Зараз жа зашчоўкаў металічны салавейка, васковая рука Пандоры здрыганулася, і заціснуты ў ёй аловак правёў па аркушы яшчэ некалькі пісягоў, потым лінія трохі збочыла… Але далей справа не пайшла.
– Ну, амаль дарабілі! – задаволена прамовіў Лёднік, размазваючы па шчацэ тлустую чорную пляму. – Трэба толькі замяніць спружынку… Заўтра і зробім, і паненка нам нешта напіша…
– Бутрым, – нечакана сур’ёзна загаварыла Саламея, паглядаючы ў мёртвыя вочы Пандоры. – Мне чамусьці неспакойна… Не падабаецца мне гэтая лялька. З чаго б такі дзіўны падарунак ад гетмана? Ці не хаваецца тут нейкая інтрыга, і мы ізноў ублытаемся па самыя вушы ў крывавыя прыгоды?
– Перастань, Залфейка, – паблажліва прамовіў стамлёны Лёднік. – Гэта ўсяго толькі цікавы дарагі аўтамат для забавы багацеяў. Упэўнены – каб не хвароба, князь проста запрасіў бы мяне дапамагчы запусціць гэтую штуку, падзівіліся б усе, дый годзе. У пана Караля Радзівіла вунь залаты паўлін маецца, які ходзіць ды хвост распускае. Якія тут могуць быць таямніцы, акрым механічных?
– Магчыма, і так… – ціха прамовіла Саламея. – Але ты сам распавядаў мне гісторыю пражскага Галема. І я адчуваю, што найлепей было б табе ўзяць якую сякеру, пасячы гэтую ляльку на друз ды патапіць у Вяллі…
– Нервы ў цябе расхадзіліся, Залфейка! Запару табе нанач ільвінай травы… – Лёднік прыхінуў да сябе жонку, пацалаваў яе ў лоб.
– Усё, рушылі… А ты, кот марцовы, – сурова зірнуў на Пранціша, – пойдзеш з намі. І адгэтуль пераселішся ў наш дом. Цяпер штодзень, як сцямнее – каб быў у пакоі! Ясна?
– Ясна… – прабуркатаў Вырвіч. Пані Саламея нахмурылася.
– А што здарылася? Чаму ты так сурова з хлопчыкам? Пан Вырвіч нешта ўтварыў?
– Пасля раскажу… – незадаволена адказаў прафесар, зашпільваючы камзол.
А пад вакном раўлі п’яныя галасы, нібыта грэшныя нашчадкі Адама прасіліся да дабравернага Ноя ў каўчэг, які ўздымаецца на хвалях сусветнага патопу ўсё вышэй і вышэй:
– Памёр ягоная мосць князь Радзівіл! Аплачам вялікага гетмана! Гуляйма, пане-браце, у памяць шчодрага князя нашага!
У апусцелым кабінеце глядзела ў цемру шэрымі мёртвымі вачыма васковая лялька ў белым парыку, упрыгожаным перлінамі,