Авантуры студыёзуса Вырвіча. Людміла Рублеўская
было двое, але дужа небяспечныя. Абодва апранутыя ў мундзір банды альбанцаў – асаблівага войска, якое Пане Каханку яшчэ юнаком стварыў у сваім маёнтку ля Нясвіжа, урачыста называным Альба. У банду адбіраліся самыя адчайныя, дужыя, і да канца адданыя свайму пану. Канцлерам у іх быў у свой час нядобрай памяці Міхал Валадковіч, расстраляны два гады таму ў Менскай ратушы за асаблівыя буянствы – па ягонае смерці князь гараваў нечувана, казалі, ён нават прывід Валадковіча штоноч бачыць.
На абодвух плячыстых вусатых гасцях былі жупаны з блакітнага атласу, саетавыя кунтушы саламянага колеру, срэбныя паясы, жоўтыя саф’янавыя боты, чырвоныя шаравары ды блакітныя шапкі з аколышам з крымскай мярлушкі. Гузікі блішчэлі дыяментавымі літарамі – ініцыяламі Караля Радзівіла.
– Перапрашаем ягамосця пана гаспадара за раптоўнасць нашага візіту, але няхай ягоная мосць пан Лёднік літасціва даруе забітым горам рыцарам, што страцілі свайго яснавяльможнага правадыра…
Альбанчык з чорнымі акуратнымі вусікамі і пранізлівымі вузкімі зялёнымі вачыма, які прадставіўся як пан Дамінік Богуш, найбліжэйшы сябра шаноўнага пана Караля Радзівіла, гаварыў велягурыстыя жаласныя словы па ўсіх правілах этыкету. Пранціш са здзіўленнем адзначыў, што абодва шляхцюкі былі амаль цвярозымі, іх твары не спухлі ад рыданняў ды перапою. А пільны позірк чарнавусага дык і зусім не падабаўся. Пранціш паціху-паціху пасунуўся да сцяны, дзе ў спецыяльных падстаўках драмалі шаблі, шпагі ды палашы. Лёднік не збіраўся закідваць высакароднае майстэрства фехтавання, і ў доме, хоць і невялікім, акрым кабінета ды лабараторыі, быў вылучаны адмысловы пакой дзеля муштры, і калекцыя зброі папаўнялася рэгулярна.
Між тым пан Богуш адгаварыў, як у скрыпку граў, належную і нават з каптуром порцыю выбачэнняў-зычэнняў і перайшоў да справы. Паводле ягоных словаў, ягамосць Пане Каханку дзеля найлепшага захавання памяці бацькі гатовы за любую суму выкупіць тую васковую ляльку, якую Міхал Казімір Радзівіл на смяротным ложы завяшчаў доктару Лёдніку.
Гучэлі рулады наконт вечнай сыноўняй памяці, але Пранціш, які сам прыродную здольнасць меў зацярушваць вочы і прыгожа сцяліць языком, нават патыліцай адчуваў нейкае шалберства.
– А ці нельга было б нам, вельмішаноўныя паны, асабіста сустрэцца з ягонай мосцю князем, каб выказаць сваё спачуванне і дамовіцца наконт найлепшага выканання тэстаменту вялікага гетмана? – ветліва спытаўся Вырвіч. Злыя жарынкі, што на імгненне загарэліся ў вачах пана Богуша, сказалі шмат аб чым. Пан запэўніў, што напружваць ягоную мосць князя нейкімі клопатамі непачціва.
– Ну вось і пачакаем, пане-браце, пакуль законнае гора яснавяльможнага князя не ўвойдзе ў берагі. Бо наўрад ён зараз той лялькай займацца стане.
Госць ледзь зубы не сцёр ад злосці. Потым папытаўся з уяўнай абыякавасцю, ці працуе закладзены ў ляльцы механізм. І, пачуўшы, што ён сапсаваны, ажно з твару змяніўся. А ягоны таварыш, сіваваты і даўганосы, не пасаромеўся