Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская
Але – паглядзіце – гэта ненадоўга. Што пачалося крывёю – крывёю скончыцца.
Дарота адвярнулася да акна, хаваючы хваляванне.
– Усё-ткі я веру, што сумленныя ды таленавітыя… такія, як мой бацька, заўсёды будуць патрэбныя.
Беларэцкі паківаў галавою:
– А як толькі патрэба ў іх адпадзе… Вымруць, як цмокі. Або вынішчацца… Я сябе так і адчуваю ў гэтым часе – як апошні, стамлёны чаканнем смерці, цмок…
– Дарэчы, цмокі ж вадзіліся ў Свіслачы! – падаў голас Улад. – Замежнікі, дзівуючыся, занатоўвалі, што менчукі трымалі ў сваіх дамах замест якіх мопсаў чорных тлустых яшчарак футаў пяць даўжынёй.
– А я аднойчы бачыў з мосту ў Траецкім, як нешта падобнае да такой яшчаркі або змяі слізганула пад вадой, нібыта душа грэшнага тапельцы… – прамовіў Ной.
– І колькі сідру ты перад гэтым выпіў у майстэрні? – насмешна папытала Зося.
А Дарота зноў моўчкі павярнулася і выйшла ў другі пакой… Грукнулі дзверцы шафы… І вось перад вачыма ашалелай кампаніі пасярод стала на драўляным пастаменце паўстаў самы сапраўдны цмок… Праўда, невялікі – з сярэдняга сабаку. Чорная луска, нават на выгляд – моцная, нібы панцыр сярэднявечнага рыцара, пашча пагрозліва разяўленая, а вочкі – як жывыя – з чорнага паўпразрыстага шкла з жоўтымі іскрынкамі пасярэдзіне.
– Слухай, а што ў вашым доме яшчэ такое вось… ёсць? – амаль з багагавейным жахам спытаў Дароту Улад. – А то проста страшна робіцца. Раптам хто раскажа казку пра мёртвую галаву – а ты і прынясеш яе… На талерцы, як Саламея…
Даротава абурэнне кашчуннымі словамі ніхто не пачуў – усе, нават пан Беларэцкі, кінуліся разглядаць і мацаць цмока. Пільны погляд выяўляў, што чучала вельмі старое, месцамі луска асыпалася…
– Бедненькі…– Зося пагладзіла свіслацкага цмока па чорнай спіне. На хвілю падалося, што ён завуркоча і замахае хвастом – Ной і Улад, напрыклад, мяркуючы па іхніх паглядах, паводзіліся б менавіта гэтак.
– А мне бабуля расказвала, што на Высокай гары, там, дзе цяпер Юбілейны рынак, жыў цмок самых што ні на ёсць еўрапейскіх памераў,– паведаміў Ной. – І харчаваўся, як належыць – прыгожымі дзяўчатамі. Пакуль не натрапіў на тую, у якой меўся баявіты жаніх. Усадзіў меч у цмокава чорнае сэрца… Але і сам быў смяротна паранены. Так іх апусцілі ў Свіслач – і цмока, і рыцара ў крышталёвай труне. Мы ў дзяцінстве ўглядаліся ў тое месца, і, здаецца, бачылі – на дне, з твані ўздымаюцца цмокавы рэбры…
– Вечна цмок ва ўсім вінаваты… – прабурчэў Беларэцкі.– Толькі аднойчы я чуў больш справядлівую выснову, лірнік спяваў на Ніжнім рынку: «Скуль узяўся той святы Юры ды забіў нявіннага цмока»…
– А што здарылася з рыцаравай нявестай? – папыталася Дарота. Ной паціснуў плячыма.
– Пра гэта гісторыя маўчыць. Або так і засталася нявестай, або выйшла замуж за іншага… Якія яшчэ варыянты?
– Я ведаю гісторыю пра адну нявесту… Толькі не надта вясёлую, – прамовіла Зося.
– Ну