Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік). Людміла Рублеўская

Ночы на Плябанскіх млынах (зборнік) - Людміла Рублеўская


Скачать книгу
гасціннасцю сяброў і, паколькі мог сабе дазволіць, зняў прыстойны нумар у гатэлі «Еўропа», якраз калі там пачаў выступаць венскі дамскі аркестр. Як грае згаданы аркестр, я так і не паслухаў, затое рукапісы выкупіў.

      Я ўжо збіраўся ад’язджаць, абкружаны арэолам старажытных літараў і водарам цвілай паперы – найлепшым у свеце для кніжнага чалавека, – але атрымаў запрашэнне на баль да графаў Любанскіх. Фраза проста з калонкі свецкай хронікі… Насамрэч я не быў такой важнай птушкай, каб граф Любанскі нешта пра мяне ведаў. Так, прафесар, але занадта малады, да таго ж займаецца гэткай падазронай справай, як фалькларыстыка… А там любая старадаўняя песня здольная абрынуць чарговую ідэалагічную вежу, як цуда-рыба, усплываючы, змывае са сваёй спіны вартыя жалю хацінкі часовых прыблудных жыхароў. Але ўсё-ткі я прадстаўляў Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт, і ў мяне была Дзямідаўская прэмія, а ў Менску два гады таму зачынілі Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Зачынілі так, як робяць заўсёды – безапеляцыйна, жорстка, з прыгожай фармулёўкай, – каб народ зразумеў: немагчыма было не разагнаць гэтых злыдняў, што намагаліся парушыць звыклы парадак і вырваць з рукі гімназісткі абаранак, а з рукі жабрака – кайстру. На свяце ў гонар дня народзінаў пані Ядвігі Любанскай мусіў прысутнічаць губернатар горада Мусін-Пушкін… І невялічкая дэлегацыя мясцовай творчай інтэлігенцыі, узмоцненая мною, меркавала падысці да яго наконт аднаўлення Таварыства.

      Пасля нядаўніх рэвалюцыйных падзеяў, залітай крывёю курлоўскага расстрэлу прывакзальнай плошчы, у мяне асаблівых ілюзіяў на лаяльнасць уладаў не было. Да таго ж мой настрой не пасаваўся да баляў. Але – я лічыў сябе абавязаным падтрымаць землякоў. Дый пан Любанскі славіўся гэткім эксцэнтрычным дэмакратам-арыстакратам. Хадзілі чуткі, што ён дае грошы эсэрам. А ягонае захапленне роварамі… Велатрэк, зладжаны ў Лошыцы… Дзівосны сад…

      І вось я стаяў, прыціснуты да псеўдамармуровай калоны, абвітай псеўдаплюшчам Лошыцкай сядзібы, аглушаны духавым аркестрам і нашэптваннямі ў самае вуха аднаго з арганізатараў зніклага таварыства, і шчыра мроіў апынуцца як мага далей… Што мне да мясцовых плётак? Яўстафій Любанскі, мажны вусач, сапраўды не хаваў мілосных адносінаў да сваёй юнай пані. Ядвіга, у дзявоцтве – Кіневіч, была дачкой правадыра мазырскай шляхты і гадоў на сямнаццаць маладзейшая за мужа. Беласкурая, цемнавокая, зграбная… Рухалася, як ласка па снезе. Спешчанае дзіця… Сакатала, смяялася, ганарыста закідваючы галоўку з акуратна ўкладзенымі ў высокую мудрагелістую прычоску цёмнымі валасамі. Мне пані Ядвіга нагадала гераіню верша Міцкевіча «Сыны Будрыса». Памятаеце: белая, як смятана, чорныя вочы, рухавая, нібы котка. Пан Яўстафій прывёз ёй з Японіі дзівоснае дрэўца – магнолію кобус, яе яшчэ называюць маньчжурскім абрыкосам. Яна цвіце раз на год. Падоранае дрэўца цвіло менавіта ў дзень народзінаў пані. Відаць, з гэтае нагоды пані Любанская апранулася ў нешта страката-экзатычнае, што мусіла на ейную думку перадаваць японскі дух… Наконт палюбоўнікаў пані версій мелася


Скачать книгу