.
выпадак, калі не вернецеся? Гаспадар памаўчаў, пагладзіў шаблю, што ляжала на стале.
Простую шаблю, без упрыгожанняў, толькі з чаканным малюнкам на дзяржальне – вершнік на кані, з узнятым мячом.
– Выхавайце майго сына так, каб ён у падобным жа выпадку, як і я, не вагаўся, як належыць учыняць.
У дзверы зноў пастукаліся.
– Пане, атрад гатовы. Пан Сташынскі чакае на двары. Пані Дарбутава спахмурнела:
– Нашто ты вязеш з сабой гэтага хлапчыску, Андруся Сташынскага?
– Ён мужчына. І ён ліцьвін. Шкадаванне недарэчы. – Пан Гаштольд паклаў рукі на плечы жонцы, зазірнуў у яе зялёныя-зялёныя вочы. Суровасць на хвілю пакінула яго. – Напэўна, табе трэба было выйсці за аднаго з тых, хто зараз ладзіць балі…
– Я рада, што выйшла за цябе… Голас пані мімаволі здрыгануўся…
– Настуся! Прабач… Я так і не ўпаляваў для цябе срэбную лісіцу, як колісь абяцаў…
Ён – у чорным, і яна – у смарагдавым… На хвілю яны засталіся зусім адны ў свеце – па-за жыццём і смерцю… Але на калідоры чуліся галасы. Тады мужчына зняў з пальца металёвы пярсцёнак і надзеў на палец жанчыны.
– Перадасі сыну, калі яго пастрыгуць у падлеткі.
Атрад быў невялікі – дваццаць узброеных вершнікаў. Пані Настасся стаяла на высокім ганку з драўлянымі калонамі, накінуўшы паўзверх смарагдавай сукні ваўчуру, падбітую зялёным сукном. Андрусю Сташынскаму жанчына, захутаная ў пышны мех, падалася такой маленькай, бездапаможнай і прыўкраснай, што захацелася нечым суцешыць яе… Як у песні – «месячык з неба, зорку з палонкі – для пекнае пані, для чужое жонкі…».
Але пані глядзела на мужа. А той азірнуўся на яе толькі адзін раз – калі ўжо сеў на каня.
– Калі я не вярнуся, не марнуй сябе жалобай. Не пазбягай добрага шлюбу.
– Я буду чакаць сустрэчы… На гэтым свеце – ці на тым. Снег ля дарогі блішчэў, быццам футра срэбнай лісіцы… Сейм прагаласаваў вярнуць княству некаторыя прывілеі.
Можна было больш не бунтавацца. Шкада, гэтага не зразумелі асобныя гарачыя галовы. Мала ім прывілей, а заманулася незалежнасці ад Кароны. Такія бунтаўшчыкі не былі патрэбныя ні Кароне, ні Літве.
Шляхціц Гаштольд Дарбут за «няіставыя ўчынкі»супраць польскіх войскаў быў прысуджаны да зняволення ў вежу. Ад чаго ён памёр там, судовыя паперы не расказваюць. Занатавана – «па волі Божае».
Пані Дарбутова засталася ўдавой. Суседзі празвалі яе «чорная пані» – дзівачку бачылі толькі ў чорных «сармацкіх» строях.
Пра маладога Андруся Сташынскага ніякіх звестак гісторыя не захавала.
Калі разбіваюцца крыжы…
Першыя таполевыя сняжынкі плылі па скверы маленькімі прывідамі.
– Вось тут быў склеп… Тут і тут…
Кастусь вадзіў пальцам па аркушы з акуратна перамаляваным планам.
– Дарэчы, бабуля перадала табе піражкі… З капустай, – ён дастаў з джынсавага заплечніка каробку ад вафельнага торта, загорнутую ў чорны пакет. – Ад Карла Карлавіча сардэчнае «кар».
– Яшчэ цёплыя… – Магдаліна не