Сэрца мармуровага анёла (зборнік). Людміла Рублеўская
і пацягнуў маланку на скуранцы.
– Распранайся да пояса…
– Не трэба! Лепш я… – Магда вырвалася ад Марка, адбеглася і дрыжачымі рукамі пачала расшпільваць куртку.
– У-у-у! – зацікаўлена загулі падлеткі. Але Кастусь раўнуў:
– Калі ты зараз гэта зробіш, я буду» гуляць у ножычкі» з усімі імі! Марк, чаго чакаеш, забірай яе!
Магда адчула, як дужыя рукі Марка адрываюць яе ад зямлі і ён нясе яе да выхаду з могілак, нягледзячы на пратэсты. Ужо ля брамы іх нагнаў адзін з хлопчыкаў.
– Вы… гэта… міліцыю не клічце. Цяпа майстар. Насмерць не зарэжа. Падрапае толькі… А калі мянты падыдуць, гамон хвастатаму. Цяпа любіць, каб сумленна ўсё было. Магдаліна плакала ля белай брамы і рвалася на могілкі. Марк затуляў яе ў абдоймы, штосьці супакаяльнае нашэптваў, спрабаваў адвесці далей… Дарэмна Ну не будзеш жа ў цэнтры горада цягаць на плячы дзявулю! На іх і так азіраліся рэдкія прахожыя. Дзейнічала толькі пагроза, што калі яна не перастане раўці, зацікавіцца міліцыя і Цяпа вырашыць, што гэта несумленна. А з могілак даносіўся вясёлы хор: «Тры! Чатыры! Пяць!», нібыта там гулялі ў жмуркі.
Вароны зашумелі ў чорных нетрах шатаў, быццам паўз іх праляцела нечая душа.
– Се-ем!
Магда вырвалася з абдоймаў Марка і кінулася па цёмнай прысадзе, далёка ў канцы якой гарэў агеньчык над дзвярыма касцёла, як сумны анёл.
Цішыня палохала. Ад яе спынялася сэрца… Між магіл павольна рухалася чыясьці постаць…
– Кастусь! Што з табой?
У святле ліхтара Магдзе падалося, што ён памірае – спрэс заліты крывёю. Хлопец прыціскаў да грудзей свой заплечнік у цёмных плямах і ўсміхаўся.
– Усё нармальна… Толькі драпіны. Праўда, Цяпа перамог – чатыры-тры на яго карысць. Але нават паабяцаў прыйсці на краязнаўчы гурток.
– Прыдурак! – прашыпеў скрозь зубы Марк. – Паперы дзе?
– Тут… – Кастусь паказаў на заплечнік.
– Давай… Яны ж належаць Магдзе, ты сам казаў? Кастусь паслухмяна адкрыў заплечнік. Марк выхапіў каробку, загорнутую ў чорны пакет, і паклаў у свой дыпламат.
– Магдаліна, пайшлі…
– А ён?
– О, Госпадзе, калі ж гэта скончыцца!
Марк дастаў з партманета грошы і раздражнёна працягнуў Кастусю:
– На табе тры рублі на таксі. Той адмоўна пакруціў галавою.
– Дзякуй, свае ёсць. І заўтра вярну дзвесце рублёў. Ялецкі толькі раздражнёна фыркнуў:
– Янку свайму вернеш. Ягоныя грошы. Магда вырвала руку з рукі жаніха:
– Якое таксі… З яго ж кроў капае!
– Перажыве…
На асветленай вуліцы Кастусь прагаварыў, гледзячы ў зямлю:
– Даруйце, калі ласка… Бывай, прынцэса. І пайшоў…
І яны ўжо ніколі не…
Гэта сапраўды горш за смерць!
– Кастусь! Пачакай!
Магда расшпіліла куртку, сарвала з сябе, працягнула Марку.
– На… І аддай мне, калі ласка, паперы дзеда. Я іду з ім. З Кастусём.
Марк не зрэагаваў, толькі здзіўлена падняў бровы.
– Магдаленка, я ўжо прывык да тваіх выбрыкаў. Але мусіць жа быць