Коннік без галавы. Майн Рыд
з іх адбудаваны нядаўна і не прэтэндуюць на які-небудзь стыль, другія больш вычварнай архітэктуры – відаць, ужо саліднага ўзросту. Адзін з іх асабліва звяртае на сябе ўвагу. Уявіце сабе вялікі будынак з плоскім дахам і зубчастым парапетам; яго белыя сцены рэзка вызначаюцца на зялёным фоне лесу, які абступае дом з трох бакоў. Гэта асьенда' Каса-дэль-Корва.
Вы паварочваеце на поўнач, і перад вашымі вачамі нечакана вырастае адзінокая конусападобная гара; яна ўзвышаецца над раўнінай на некалькі сот футаў; ззаду яе ў туманнай далечыні вырысоўваецца ломаная лінія Гвадалупскіх гор – горнага хрыбта, які ўвенчвае высокае, амаль недаследаванае пласкагор’е Льяна-Эстакада.
Паглядзіце вышэй, і вы ўбачыце неба – напаўсапфіравае, напаўбірузовае. Днём яно зусім сіняе, і толькі залаты шар сонца ззяе на ім. Ноччу яно ўсеяна зоркамі, нібы выкаванымі са светлай сталі; а выразна акрэслены дыск месяца здаецца тут зусім сярэбраным.
Гляньце ўніз у той час, калі ўжо зніклі месяц і зоркі, калі ветрык, насычаны водарам кветак, дзьме з заліва Матагорда, налятае на зорны флаг і распроствае яго ў ранішнім святле, – гляньце, і вы ўбачыце карціну настолькі яркую і жывую, пераменлівую па абрысах і фарбах, у стракатасці разнастайнага ўбрання, што апісаць яе немагчыма.
Вы заўважыце ваенных: блакітную форму пехацінцаў Злучаных Штатаў, сінія мундзіры драгунаў і светлыя, амаль няўлоўнага зялёнага колеру мундзіры конных стралкоў. Па форме адзеты толькі дзяжурныя афіцэры, начальнік каравула і самі каравульныя. Іх таварышы, карыстаючыся вольным часам, ходзяць каля казармаў ці пад навесам канюшні ў чырвоных фланелевых кашулях, мяккіх капелюшах і ў нячышчаных ботах.
Яны балбочуць з людзьмі, якія апрануты зусім не па-ваеннаму. Гэта высокія паляўнічыя ў кашулях з аленевай шкуры і такіх жа гетрах; пастухі, мустангеры, апранутыя, як мексіканцы; сапраўдныя мексіканцы ў шырокіх штанах, з серапе на плячах, у ботах з вялізнымі шпорамі і ў абыякава заламаных набакір глянцавых самбрэра. Яны размаўляюць з індзейцамі, якія прыйшлі ў форт дзеля гандлю або мірных перагавораў; іх палаткі бачацца непадалёку. Фігуры індзейцаў з накінутымі на плечы чырвонымі, зялёнымі і блакітнымі коўдрамі здаюцца надзвычайна маляўнічымі і амаль класічна прыгожымі; нават недарэчная размалёўка, якой яны знявечылі сваю скуру, і зліплыя ад бруду чорныя доўгія валасы, падоўжаныя яшчэ пасмамі конскіх валасоў, не псуюць іх строгай прыгажосці.
Уявіце сабе гэты стракаты натоўп у разнастайным адзенні, якое сведчыць аб нацыянальнасці, прафесіі і становішчы яго гаспадароў; Дадайце яшчэ чарнаскурых сыноў Эфіопіі – афіцэрскіх грумаў ці слугаў суседняга плантатара; уявіце сабе, як яны стаяць невялікімі групкамі і гутараць або фланіруюць па раўніне паміж фургонамі; уявіце сабе дзве шасціфутавыя пушкі на колах і побач павозкі з боепрыпасамі; адну ці дзве белыя палаткі, занятыя афіцэрамі, якія дзеля арыгінальнасці спяць пад прыкрыццём парусіны; вінтоўкі каравульных, састаўленыя