Брыгадны генерал (зборнік). Кастусь Травень
гуртамі.
Зазвычай сапраўднаму «брыгаднаму генералу» ня трэба было ніякіх ваенных навук, бо ён вучыўся сам кожнае імгненне і зразу бачыў у жыцці тое, што «паркетны генерал» доўга і ўпарта завучваў у сваіх акадэміях. «Брыгадны генерал» мацаваўся жывой рэчаіснасцю, адчуваў хаду, рытм і рух падзей, прымаў адэкватныя рашэнні, якія найлепшым чынам адпавядалі патрэбе часу. Іншым разам брыгадныя генералы дзеля вырашэння тых ці іншых тактычных і нават стратэгічных ваенных пытанняў – замест вайсковых узброеных груповак з сістэмамі «Град», бамбаваннем, артпадрыхтоўкамі, танкавымі клінамі – удала карысталіся кейсамі, напіханымі тугімі пачкамі амерыканскіх даляраў, інфармацыйным замбаваннем, хітрамудрымі правакацыямі, псіхалагічнымі запалохваннямі і палітычнымі маніпуляцыямі. Гэткія вайсковыя прыёмы не выкладаліся ні ў воднай акадэміі генеральнага штабу.
У тыя, цяпер ужо гістарычныя часы, паркетныя генералы, паверыўшы ў свае вайсковыя высілкі, пад заказ тамтэйшых і замежных палітычных лялькаводаў распачалі ваенныя канфлікты на сваіх ўласных тэрыторыях. Гэтак было вельмі зручна ваяваць, прамаўляць загады па тэлефонах з службовага габінэта, п’ючы каву, пазіраючы на стрункія ножкі сакратаркі і гартаючы «Камерсантъ» ці «Маскоўскі камсамолец», а ўвечары бавячы час у рэстаране з будучымі алігархамі ці па-вайсковаму рашуча атакуючы штонікі маладой моднай мадэлькі Ксеніі ці Анджэлы…
Вайна на сваёй тэрыторыі з удзелам уласных вайскоўцаў і грамадзян дазваляла адпаведна кантраляваць усе вайсковыя дзеянні, рабіць вайну перманентнай, расцягваць у часе ці пры неабходнасьці нават прыпыняць, каб праз некі час ізноў узнаўляць. Гэткая вайна цалкам залежала ад дзяржаўнай бюракратыі і была яе заўсёднай патаемнай марай, бо дазваляла вырашаць любыя пытанні, перш за ўсё фінансавыя, эканамічныя, ідэалагічныя, дзяржаўныя, і дазваляла цалкам трымаць уладу ў сваіх руках…
Дзеля ажыцяўлення вайсковых аперацый (не блытаць з хірургічнымі) тогачасным палітыкам дастаткова было найбольш адмарожаных і пасіянарных камандзіраў брыгад, злучэнняў, бандгруп і сепаратысцкіх згуртаванняў як з тога, так і з другога боку, абазначыць, як «брыгадных генералаў». Гэта гучала і рабіла ўражанне на міжнародную супольнасьць.
«Брыгадныя генералы» такім чынам паўсталі новым разгалінаванем вайскоўцаў, што адваявалі сабе месца ў навейшай ваеннай гісторыі. Дастаткова было назьбіраць некалькі соцень асоб рознага ваяўнічага зброду і ўсталяваць кантроль на некалькі селішчаў, – дзе мясцовыя жыхары: жанчыны, дзеці, дзяды і бабулі, і сталыя мужчыны, што макіяжылі пад дзядоў, узгадаваўшы сабе шыкоўныя чорныя, рыжыя і сівыя бароды, – як можна было абвесьціць сябе брыгадным генералам.
ІІІ
Стах Бахановіч зрабіўся брыгадным генералам зусім выпадкова. Прынамсі, нядаўна ён быў прарабам будаўнічых брыгад шабашнікаў. Потым пераменлівы лёс закінуў яго ў паўднёвыя рэгіёны, каб памагаць братняму народу ўзнаўляць