На заснежаны востраў. Анка Упала
Эміко здзіўляецца, што гэтак маглі назваць малую, паколькі ў Японіі не так, як у Еўропе, дзе тыя самыя імёны то набіраюць папулярнасць, то губляюць. Ейнае імя старамоднае. Паводле нашай аднагрупніцы, цяпер японскія бацькі збольшага самі прыдумляюць новыя імёны.
Эміко зусім не падабаецца раман, раздзелы з якога Марта дае нам у якасці хатняга задання. Толькі я заблыталася, чаму менавіта, бо акцэнт Эміко даволі складаны для мяне.
– Гэта таму, што там мала забойстваў, а яна любіць больш вострасюжэтныя? – перапытваю пазней у Тунтэматон.
– Ды не, акурат таму, што там вядзецца пра забойства, а яна такое не любіць.
– Вось што здараецца, калі весці размовы на кепскай шведскай.
– Дакладна, можна зразумець усё наадварот.
Калі Эміко развіталася і пайшла, мы перайшлі на англійскую.
– Па-шведску! – гучыць пільная заўвага.
Зноў Марта! Не ўпускае моманту нас паўшчуваць.
Складана гэта адсочваць, але, напэўна, мая шведская і праўда прагрэсуе. Днямі я ездзіла на сустрэчу з калегай і даволі ладную частку размовы ўтрымалася размаўляць па-шведску.
Многія ў школе думаюць, што я з Расіі, даводзіцца часта папраўляць і тлумачыць, што не, не адтуль. Назва Беларусь уведзеная ў шведскія слоўнікі, але людзі прызвычаіліся казаць “Белая-Расія”.
Тунтэматон з гэтай нагоды схіляецца да крывіцтва.
– Пра Белую-Расію за мяжой заўжды будуць думаць як пра Расію. А іншай назвы няма?
– Ну, некаторыя хацелі б назву Крывія.
– Вось Крывія – добра. Трэба гэтую назву прыняць.
29
Мы сутыкаемся каля дзвярэй.
– Мацільда…
– Прывітос!
– Я пераязджаю, мне даюць пакой, дзе жыў Каспер.
– І ўжо маеш ключ?
– Маю. І наш пакой застанецца ў тваім распараджэнні.
Мацільда радасна пішчыць і скача ў калідоры.
Тунтэматон потым адкаментавала: “Ха-ха, значыць, ты была дакучлівай суседкай!” Ну, не ведаю, не ведаю.
Сама я ўжо была адносна прыцярпелася жыць разам, але цяпер, калі нязмушана пераапранаю бялізну адна ў пакоі, асабліва востра адчуваю свабоду. Быццам палопаліся абручы, якія мяне сціскалі. Спадзяюся, Мацільда таксама пажывае шчасліва, цяпер мы жывем праз сценку. Да Мацільды перасялілася яе сяброўка Лілі, і ўчора з-за іхніх дзвярэй чуліся смех, песні і нізкі бас іх аднагрупніка Франка з выбеленымі ўшчэнт, гэтак жа, як і ў Мацільды (магчыма, нават той самай фарбай), валасамі.
Мой асобны пакой – вялікі, светлы, з высокай лямпай у куце, люстэркам, дошкай, куды можна прышпільваць нататкі, журнальным столікам. Мэбля стандартная – ложак, дзве ўбудаваныя шафы… Кніжная паліца не закладзеная вопраткай Мацільды, а, як і належыць, занятая кнігамі. У мяне іх, як у анекдоце, тры: вызначальнік птушак, падручнік па геаграфіі і тое самае хатняе чытво – дэтэктыўны раман. Другі дзень жыву асобна і ў сэрцы не перастаю дзякаваць за спагаду школьнаму сакратару Маркусу і рэктарцы Лінэі.
Сваю