На заснежаны востраў. Анка Упала

На заснежаны востраў - Анка Упала


Скачать книгу
бо заўжды хвалююся, калі еду незнаёмымі маршрутамі, і кепска арыентуюся на мясцовасці. Пасля заняткаў Ванг Вэй працуе ў адным з суседніх мястэчак касірам у краме, каб быць незалежным ад бацькі. Ён крута знаецца ў матэматыцы і ўмее хутка памнажаць у галаве як найменш двухзначныя лічбы. Пра большыя не ведаю, бо Астрыд большых з яго не пытала.

      Дзеля працы Ванг Вэй кіне вучобу праз месяц.

      Праз разявайства мы праехаліся ў электрычцы на месцах для цяжарных, быццам пара ў чаканні дзіцяці. Я гэта заўважыла, калі ўзнялася. Тунтэматон пазней смяялася да слёз, калі я пераказвала ёй гэты выпадак.

      Познім вечарам я паспела на электрычку назад. Потым перасадка на аўтобус, а пасля – яшчэ дваццаць хвілін пешкі да інтэрната. Іду – страшна, вакол ані чалавека, неба нада мной чорнае, зоркі добра відаць.

      Дайшоўшы да інтэрната, я не адразу выправілася ў пакой, а пасядзела на балконе ў холе, паглядзела на зоркі ў спадзяванні пабачыць знічку. Вельмі хацелася з кім-небудзь пагаварыць. Шкада, я не мела нумара новенькай з Паўночнай Афрыкі, якая далучылася да нашай групы, – так бы можна было запрасіць яе пасядзець разам. Я яшчэ потым доўга не магла заснуць, узбударажаная.

      Новая аднагрупніца – гэта Тунтэматон.

      16

      Нічога сабе – сышліся мы з Нінай у меркаваннях, калі Тунтэматон прыйшла на заняткі першы раз. Яна робіць уражанне, хоць, думаю, ніколі не мае гэтага на мэце. “Тунтэматон – шляхетная натура”, – як потым будзе часта казаць Фартун.

      Тунтэматон таксама пасялілася ў інтэрнаце, толькі ў іншым корпусе, Нургордэне.

      Мне выпала правесці з ёй інтэрв’ю, каб расказаць пра яе групе, але яна не гарыць жаданнем дзяліцца нейкімі прыватнымі гісторыямі з чужымі людзьмі.

      – Не хачу шмат расказваць.

      У школе зладзілі дэбаты пра свабоду слова. Ніна, Тунтэматон, я і яшчэ пяцёра дзяўчат і хлопцаў з курсаў фота, кіно, тэатра і выхавальніцтва трапілі ў адну групу. Спачатку мы складалі верш на тэму “Свабода слова”: першы чалавек піша радок, потым яго закрывае, і наступны чалавек піша свой радок, не ведаючы папярэдняга. Буйнакудры Фернанда, што сядзеў побач з Тунтэматон, напісаў: “Ты прыгожая, як вясёлка”, – і я вось не ўпэўненая, што гэта ён пра свабоду слова.

      Тунтэматон усё робіць прыгожа: рухаецца, апранаецца, афармляе свае канспекты…

      Зэйн з першага дня ўсчаў пытацца: «Тунтэматон, кагдзіла?» – і пранікнёна зазіраць ёй у вочы, але яна скептычна паставілася да ягоных заляцанняў.

      Зэйн – балбатун, калі не сказаць трапло. Калі ён дастае выкладчыц ідыёцкімі пытаннямі, тупіць і злуецца, ягоныя суайчынніцы, Ясмін і Сулаф, выгаворваюць яму па-арабску, ставяць на месца.

      17

      З Мацільдай мы размаўляем вельмі мала. У асноўным абменьваемся «добрымі раніцамі» і «дабраначамі», а так амаль і не бачымся. А то і толькі да «добрай раніцы» зводзіцца камунікацыя.

      Штоночы Мацільда крычыць ува сне ці гаворыць узбуджана. Нейкага запалу ў ёй шмат, які, відаць, не знаходзіць сабе выйсця. Аднойчы яна так моцна закрычала, што


Скачать книгу