Ланцуг (зборнік). Андрэй Федарэнка
а святло – на дварэ з самай ночы сеяўся цёмны, халодны дождж…
Кабінет знаходзіўся на першым паверсе старога, з тоўстымі сценамі і маленькімі, нізкімі вокнамі будынка, таму добра было чутно, як вада патокам бяжыць па асфальтавай дарожцы і сцякае ў люк пад акном. Па шыбах паўзлі звілістыя кроплі, у адчыненую фортку з двара залятала халодная імжа, і, здавалася, нават старыя клёны ў бальнічным дворыку, на які глядзела адзінае акно кабінета, неяк пагорбіліся, апусцілі пад гэтай няспыннай макрэчай рукі-галіны і ўжо самі не вераць, што цяпер – самае лета, ліпень, стаміліся чакаць лагоднага сонца і сабраліся толькі жаўцець і пакрысе засынаць…
Усярэдзіне кабінет быў утульны і невялікі: два сталы, паміж сталамі – высокая бальнічная шафа-сервант, збоку каля дзвярэй, у кутку, умывальнік, насупраць сталоў, каля сцяны, абкладзенай ад падлогі на метр кафельнай пліткаю, – кушэтка, два крэслы; ад дзвярэй да акна – дарожка, зашорганая нагамі так, што ні колеру, ні ўзору вызначыць немагчыма… Сам Стэльмах, Іван Змітравіч яго звалі, у белым пакамечаным халаце, тоўсты, вялікі, у акулярах, з сівой шчоткай жорсткіх нават на выгляд валасоў, сядзеў за сталом, што бліжэй да акна, і пераглядаў карткі хворых; другі, асістэнт Стэльмаха, нядаўні выпускнік медыцынскага інстытута Яўген Вінярскі, стаяў побач і курыў у адчыненую фортку. Гэта быў высокі прыгожы хлопец гадоў дваццаці васьмі, падобны тварам да дзяўчыны – тым больш падобны, што доўгія чорныя валасы ў яго былі гладка зачэсаны і на патыліцы перацягнуты гумкаю. На ім таксама быў белы халат, і калі Вінярскі паварочваў галаву, чорная дзявочая каса матлялася па белых плячах. Ён курыў, пасля кожнай зацяжкі падносячы цыгарэту да меднай попелкі-чарапашкі» і збіваючы попел доўгім указальным пальцам з дагледжаным, акуратна падпіленым ружовым пазногцем – па адных гэтых яго пальцах з пазногцямі можна было заключыць, з якой ён сям’і, як выхаваны, як гадаваўся, як жыве і чым цікавіцца цяпер.
Раз-пораз Вінярскі кідаў позіркі на старога доктара, які блізарука нагінаўся над сталом, выстаўляючы сваю галаву-вожык, – і тады ў вачах у Вінярскага ўспыхвала нейкае блюзнерства, нават пагарда. Ен адварочваўся і глядзеў на мокры двор, на клёны, на жоўта-брудную ад дажджу сцяну суседняга корпуса, дзе быў задні пад’езд клінічнай сталоўкі – і тады яго вочы неяк патухалі і ў іх чытаўся сум, нуда чалавека, якому абрыдла ўсё гэта даўно і надоўга. Вось пад акном праехаў, нібы праплыў, зялёны пашарпаны «рафік», рассякаючы коламі паток вады на асфальце, завярнуў і спыніўся каля сталоўкі; з яго выскачылі два мужчыны ў сініх халатах, адзін расчыніў дзверы, падпёр цаглінаю, і мужчыны хутка, горбячыся, пачалі заносіць у дзверы белыя сталёвыя падносы з курамі, булкамі, хлебам, скрынкі з малочнымі пляшкамі… Усё гэта мачыў дождж. Вінярскі нібы ўбачыў гэтую сталоўку – у паўпадвале, з цёмным, пазадзіратым на швах лінолеумам доўгая заля з нізкай столлю, дзе нават у сонечны дзень заўсёды гараць лямпачкі і ўсё адно цёмна, дзе на сталах – алюмініевыя аблезлыя міскі, такія ж лыжкі і нават людзі за гэтымі сталамі здаюцца нейкімі бляклымі і аблезлымі, як міскі, з якіх ядуць, – уявіў, і ў яго раптам аж занылі зубы, аж прабегла пад языком аскома і чамусьці забалеў указальны палец – уявілася, што ён здзірае з гэтага пальца аб шкло пазногаць. Вінярскі нават паклаў палец у рот і прыкусіў пазногаць. Калі перастала балець, ён павярнуўся і пачаў разглядаць Стэльмаха, нібы першы раз бачыў.
«А ён тут усё жыццё! Сядзіць, глядзіць на гэтыя сцены, на гэты падвал-сталоўку, есць з алюмініевай міскі – і хоць бы што!» – з нечаканым раздражненнем падумаў Вінярскі.
Іван Змітравіч сядзеў, глядзеў у кніжку з пажоўклымі старонкамі, трошкі нахіліўшы галаву да акна, і Вінярскаму быў відаць сівы пушок, якім кучаравілася ўся доктарава тоўстая шыя, які лез аж пад зацёрты, нясвежы каўнер халата і, відаць, рос і на плячах, грудзях… Бачылася вуха, з якога тырчэў такі ж сівы пух, нават не сівы, а з нейкай пажоўкласцю. «I такая гадзюка спала некалі – ці мо нават і цяпер спіць? – з жанчынаю, мае дзяцей… Няўжо і ён некалі жыў, як і я жыву, быў малады, пра нешта марыў?..» – думаў Вінярскі, разглядаючы старога хірурга.
Стэльмаха ён не палюбіў адразу ж, з першай сустрэчы. Прычын, каб не любіць, было хоць адбаўляй: Іван Змітравіч быў неахайны, рассеяны, сквапны, абедаў у клінічнай сталоўцы і ўмудраўся перабівацца малочным супам з алюмініевай міскі і шклянкай кефіру з чорным хлебам; апранаўся заўсёды ў нязменны карычневы касцюм, у якім два гузікі былі прышыты белымі ніткамі, з дня ў дзень у адну і тую ж цёмную кашулю (цёмнае з карычневым!), без гальштука, на нагах адны і тыя ж, нячышчаныя, з пакрыўленымі, збітымі абцасамі чаравікі… Іван Змітравіч ні пра што не здагадваўся, ён паважаў Вінярскага, стараўся паддобрыцца да яго, раіўся ва ўсім – быццам не ён, а Вінярскі за яго быў старэйшы ў два разы. Але маладому доктару гэтая добрасць была асабліва непрыемная.
Стэльмах быў вечна заклапочаны, часта замаўкаў сярод размовы, абарваўшы сказ, і думаў штосьці. Разоў колькі пасля такіх нечаканых паўз ён, наморшчыўшы лоб, пакусваючы вусны, загадкава пазіраў на Вінярскага, потым пытаўся, ці ўмее ён захоўваць тайны. Вінярскі, не жадаючы слухаць ніякіх споведзей, адмахваўся, казаў, што няма часу, альбо проста дэманстратыўна паварочваўся і пачынаў насвістваць. Стэльмах замаўкаў, але дзён праз колькі, рассеяны, забываўся