Ланцуг (зборнік). Андрэй Федарэнка
прайшоў праз усе тыя этапы, якія ўявіў сабе, калі пачуў ад Барыса Іосіфавіча пра сваё гора. Самае галоўнае, што я быў адзінокі, мне даводзілася трымаць усё гэта ў тайне нават ад жонкі. За сябе я быў упэўнены, а за яе баяўся. Вядома, я збіраўся ёй пра ўсё расказаць, але толькі тады, калі сам ужо нечага даб’юся; тады і аб’яўлю – так і так, Мілачка хворая, але нічога страшнага, вось дазвол на аперацыю за мяжою… Аднак жонка адразу западозрыла нешта няладнае. Пачала рабіць мне сцэны, даймаць роспытамі – дзе прападаю, чаму стаў такі неакуратны, няўважны, абнасіўся, нічым не цікаўлюся, куды пачалі знікаць грошы, чаму я пачаў стагнаць па начах і нават у сне некага аб нечым прасіць?.. Я маўчаў, яна плакала, і я ўжо бачыў, што яна пачынае ненавідзець мяне. Але вось урэшце, шчаслівым летнім ранкам, дазвол быў атрыманы. Я цалаваў гэты шэры казённы бланк, танцаваў вакол яго, сто разоў перачытваў скупыя словы – «Выезд разрешаем, если располагаете средства»; потым супакоіўся, і раптам да мяне дайшло. «Располагаете средства»!.. За гэты час я праездзіў, растраціў на тэлеграмы, перамовы, на заказныя лісты, на хабары ўсе тыя невялікія зберажэнні, што ў нас былі. Але праз хвіліну я ўзяў сябе ў рукі, і пачаўся новы віток. Яшчэ перад гэтым я паслаў ліст у адну з лепшых замежных клінік, і недзе праз тыдзень пасля маскоўскага бланка прыйшоў ліст з Еўропы: мне пісалі, што згодныя зрабіць такую аперацыю, і называлі суму ў далярах. Гэта была каласальная, астранамічная для мяне сума! Ад тысяч мёртвых паперак залежала, будзе жыць ці не белагаловае, разумнае, жывое, прыгожае стварэнне – з рукамі, нагамі, сінімі вачыма, якое магло б выйсці замуж, ашчаслівіць некага, нараджаць дзяцей…
Але трэба было дзейнічаць. Гэта быў ужо апошні этап. У адзін з вечароў я рашыўся: расказаў пра ўсё жонцы. Неверагодна, але калі ўсё выяснілася, яна, бедная, абняла мяне і заплакала… ад радасці! Яна называла мяне самым лепшым у свеце мужам і бацькам… Гэта надало мне новыя сілы.
Як мы збіралі, як ашчаджалі кожную капейку!.. Як я часамі проста ўпадаў у адчай, бачачы, што вакол раскідваюцца направа і налева без усялякай, як мне здавалася, карысці дзесяткі, сотні, тысячы, а цяпер – і мільёны!.. Страшна ўспомніць, але разоў колькі я на поўным сур’ёзе абдумваў, дзе б украсці, каго б абрабаваць… I толькі жонка суцяшала мяне, падбадзёрвала, памагала перабыць такія хвіліны.
I вось учора, калі мне выплацілі нечакана высокія адпускныя, прагрэсіўку, прэмію, калі я памяняў гэта на даляры і вечарам падлічыў усё, што ёсць, я ўбачыў – хопіць. Цяпер хопіць і на білеты, і на аперацыю, і на абслугу. Вось яны!..
Іван Змітравіч дастаў з-пад стала чорны пластмасавы «дыпламат», і, калі адчыняў замкі, яго вялікія далоні з валасатымі пальцамі дрыжэлі.
Вось!.. Ён выцягнуў з «дыпламата» цэлафанавы пакет, у якім было нешта квадратнае, падобнае на дзве цагліны, узважыў у руцэ, потым паклаў назад, у «дыпламат», і пстрыкнуў замкамі.
Спытаеш, чаму такія грошы я хаваю тут? – сказаў Іван Змітравіч. – А дзе ж?! Ты не паверыш, але праблема