Нічые (зборнік). Андрэй Федарэнка
«рускія камітэты», якія палякі, якія Саветы? Мы беларусы, мы сабраліся, мы за сваю Беларусь – адно цёмныя мы, няўчоныя, пакіраваць намі трэба камусьці… дык прыходзьце і валодайце намі!..
VІІ
Мірановіч затушыў лямпы, адну і другую. І без іх зрабілася не цямней, а святлей. Настаў дзень.
Жаўрыд чыркнуў алоўкам па аркушыку паперы, які ляжаў перад ім на стале, пару слоў, падкрэсліў іх двойчы – нібы падагуліў усё, што выслухаў і вычытаў за раніцу. Схаваў аловак ў нагрудную кішэню гімнасцёркі.
– Ну што, цяпер ясна збольшага, – сказаў. – Пайшлі, грамадзянепановетаварышы! – і пасміхнуўся, даючы зразумець, што выдатна ведае пра ўсе раздраі, пра ўсе згрызоты, але іншых людзей у яго няма, ўсе для яго аднолькавыя, нікога ён не вылучае і ўвогуле надышоў такі час, што трэба забыць на ўсё, аб’яднацца дзеля «сьвятое справы». – Зачытаем гэтую шматпакутную дэклярацыю і патлумачым людзям, што маем на сёння.
Накінуў на плечы шынель, самы першы – паўз днявальнага, які пры яго з’яўленні выпрастаўся «смірна» і прыціснуў да грудзей вінтоўку, прытуліўся да сцяны вузкага калідора, – выйшаў на ганак. За Жаўрыдам, пераглядваючыся, перамаўляючыся, хто з гатоўнасцю, паспешліва, замінаючы адзін аднаму ў дзвярах, хто неахвотна, буркаючы пад нос, што, маўляў, «камандзіраў многа – толку мала…», высыпалі астатнія.
Зусім развіднела. Кастры на плошчы свяціліся яркачырвонымі плямамі, балюча было глядзець на іх.
Жаўрыд падняў руку:
– Так, усім строіцца! Цывільным – ачысціць плошчу! – нават не крыкнуў, а проста сказаў гучней.
Але ўсе пачулі. Натоўп на нейкі час прыйшоў у хаатычны, бязладны рух, пачаў дзяліцца, рассыпацца, аж хутка ўпарадкавалася ўсё, вайскоўцы, пастроіўшыся, засталіся на плошчы, а семежаўцы, і разам з імі палонныя і перабежчыкі, сышлі збоч, да царквы, і пазіралі адтуль.
– Грамада! – нейтральна звярнуўся Жаўрыд. – Грамада, выступ мой будзе кароткі – гаварыць цяпер дужа не выпадае, час не церпіць! Я ў дзвюх словах абрысую нашае цяперашняе становішча…
(«У дзвюх словах!», – іранічна шапнуў Мірановічу доктар Паўлюкевіч.)
– … Абрысую нашае цяперашняе становішча, а яно, запабягаючы наперад, як ніколі нам спрыяе! Бог нарэшце павярнуўся тварам да нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны! У Рызе нарэшце падпісана гэтак званая папярэдняя «мірная дамова», – драпежнікі зноў падзялілі авечку, само сабою не пытаючы яе згоды на тое! Аб нас, беларусаў, чарговы раз выцерлі ногі! Але нам не прывыкаць – хай! Хай думаюць, што і гэтым разам усё сыдзе ім з рук! Хай яны сабе б’юцца, хай сабе мірацца – мы ж спакойна будзем збіраць сілы, рыхтавацца, аж покуль не вымецем з нашай зямлі і тых, і другіх. Будзьма разумнейшыя, будзьма старацца знайсці сабе выгоды і з гэтай «рыжскай дамовы» таксама! А выгода найперш тая, што і бальшавікі, і палякі спыніліся: палякі – за Ланню, бальшавікі – на такой прыкладна лініі: Леніна – Вялікі Рожан – Вызна – Капыль і далей, пад Негарэлае! Ад Лані да гэтай ўяўнай лініі – вёрстаў пятнаццаць,