Ціша (зборнік). Андрэй Федарэнка
у шафу.
У чатыры гады – сын ужо ганяў па двары мячык і ўмеў чытаць і пісаць друкаванымі літарамі – бацька аб’явіўся з прыгожым пакункам. Там ляжалі былі ніколі тутэйшым людам не бачаныя памперсы, паўзункі, пінеткі… “Соску не забыў?” – спытала маці, а ён, збянтэжаны, кашляючы, апраўдваўся: – Фінскі камплект! Вельмі дорага каштуе…
Ён кожны раз бянтэжыўся.
Затое ў пяць гадоў атрымаўся перабор: бацька прыехаў сапраўды з мехам за плячыма, толькі замест грошай там было адзенне: унты, кажух і вялізная пухнатая вушатая шапка са скуры невядомага звера; калі бацька пачаў яе на Петрыку мерыць, той схаваўся ледзь не да пояса.
У свой апошні прыезд, гэтым летам, Марк падараваў сыну пісталет, які страляў струменямі вады, акрамя таго аб’явіў, што больш нікуды не паедзе, ні ў якую Сібір, а застанецца назаўсёды дома.
– Усё! Хопіць! – казаў цвёрда, рашуча. – Падурэў, Марка, і годзе! Колькі можна людзей смяшыць… Пара, пара за розум брацца. На роднай зямліцы… Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся. Вось так яно, брат Пятрок! Цяпер мы з табою зажывем! – казаў абміраючыму ад шчасця сынку, які круціў у руках свой пісталет, прыціскаў яго да грудзей.
Пакуль бацька раскладваўся, сын не адліпаў ад яго. У пакоі пахла мужчынскім духам, віном, тытунём, ветрам… Бацька быў рослы, дужы, складны. Загарэлы абветраны твар. Барада кольцамі з адлівам сівізны. Куртка-штармоўка. Моцныя рукі. У Петруся засталося ў памяці, як зусім маленькага бацька саджаў яго да сябе на калені, напінаў мускул рукі, даваў сыну памацаць і, задаволены, казаў: “Бачыш, які я дужы? Я магу на нашым аэрадроме самалёты з далоні запускаць”, – і Петрык верыў.
У доме панаваў непрывычны гармідар. Бацька быў вясёлы, узбуджаны, на сябе не падобны. І ўсім перадавалася яго радасць. Маці ззяла, Домна мітусілася.
– Вось і добранька… І правільненька… Паплаваў – і годзе, пара прычальваць… Ты ўжо не малады, вунь барада, як у Зміцера, сівая…
Бацька выходзіў на двор. Пятрок, як зачараваны, ішоў следам. Бацька набіраў у грудзі паветра, азіраўся: – Якая прырода! Якая прыгажосць! – казаў узбуджана. – А вось і ты, мой абрыкосік! Колькі я гэты ствол адпаліраваў, па ім лазячы! Кожны сук ведаю… Неяк маці папрасіла абрыкосаў нарваць, дык я ўсе абарваў, і спелыя, і зялёныя… Смех і грэх! Тваіх гадоў быў, такі ж малы, неразумны… Вось тут во стол стаяў. Вячэралі за ім… Сёрбаем зацірку з аднаго чыгунка… Вясна, абрыкос цвіце, вечар, прыцемкі, а пчолы гудуць над галавой!.. Уяўляеш – яшчэ не спяць! Такое не забываецца. Вучыся, сынок, працавітасці ў пчол.
Памацаў шурпатую кару камля, дзелавіта адзначыў: – Пабяліць трэба было б, каб не шэрхла.
А калі вярталіся ў дом, заключыў: – Прырода – вялікая рэч! Запомні, сын. Заўсёды любі і беражы родную прыроду.
Усё гэта страшэнна падабалася Петрыку. Асабліва тое, як прыгожа, паэтычна бацька ўмее казаць пра будзённыя рэчы.
Калі селі за стол – не пад абрыкосам, а ў пакоі – бацька, адкаркоўваючы пляшку, лёгка абыйшоўся без нажа, скалупнуў адным пазногцем вялікага пальца. Затым