Ціша (зборнік). Андрэй Федарэнка
Галя: асцярожна цягнуць, тады травінка з ледзь чутным прыемным скрыпам выходзіць з сустава – кончык белы, і яго можна есці – салодкі, смачны… Калі ж падняліся – выкачаныя, выпэцканыя ў жоўтыя і ў зялёныя плямы, – Галька агледзела сваю спаднічку і калготкі і ледзь не заплакала. Але стрымалася. Будучы камандзіршай, бесклапотна сказала: – А-а, памыюцца! Давайце далей ляжаць! – і зноў плюхнулася на жывот; маўляў, мне ўсё роўна.
Ляжалі на цёплай траве ўкруг, цесненька, блізенька, галава да галавы, ногі ўраскід, падобныя на маленькіх маляроў, і шэпатам абмяркоўвалі важную, надзённую тэму: што будзе, калі Брэжнеў памрэ? І ці могуць такія людзі наогул паміраць?
– Брэжнеў ніколі не памрэ, – упэўнена сказаў Пятрок. – Яму вучоныя дадуць такі ўкол, ад якога ён памаладзее. А потым пастарэе – а яму зноў укол…
Гальцы і без таго было прыкра за спаднічку і калготкі, а тут яшчэ так яўна забіралі яе камандзірскія паўнамоцтвы. – А Леніну чаму не далі? – Вучоных не было. Таму Леніна і не закопваюць у магілу. Ён ляжыць у маўзалеі і чакае, пакуль вучоныя прыдумаюць такі ўкол, і ён ажыве.
– Усё ты ведаеш! Што ні спытай! І адкуль ты такі разумны ўзяўся? – ветлівенька, салодзенькім, як трава, галаском пачала Галя.
– Баба Домна расказвала.
– Баба, баба, – перадражніла Галька. – Можна падумаць, нейкая баба больш ведае, чым у школе вучаць! Хочаш, я скажу, чаму ты такі разумны?
– Ну, чаму?
Але яна марудзіла. Азірнулася. Пачырванела.
– Дай вуха. Ты таму такі разумны, бо ты… І выдыхнула яму ў вуха слова.
Каб яна проста сказала, уголас, без гэтых таямнічых падрыхтовак, Петрусёк бы ўвагі не звярнуў. Падумаеш – чуў ён сто разоў яшчэ і не такое. Ён дасюль нават не ведаў, што гэта кепскае слова. Але, мяркуючы па тым, як пачырванела Галька, як яна азіралася, перш чым гэтае слова прашаптаць, было тут несумненна штосьці нядобрае, брыдкае, саромнае, абразлівае.
– Няпраўда! – ускочыў ён на ногі.
– А вось і праўда! Ты не такі, як мы, а чарнявенькі і лупаценькі… Як і твой бацька…
Гэта ашаламіла яго. Раней ён ніколі не задумваўся, чаму ў чалавека такая, а не іншая знешнасць, яго не цікавіла, які ў каго нос, рот, губы, падбародак, яму было ўсё роўна, якога памеру вушы, кучаравыя валасы ці прамыя і тырчаць пасмамі.
Усё гэта было так нова, так дзіка, так нечакана, што ён проста разгубіўся. Галоўнае, за што?!
Яго гарманічны сусвецік, дзе ўсе людзі летуценныя паэты, добрыя, шчырыя, разбіваўся цяпер адным гэтым словам, як шкло жалезным малатком. – А скажы мне! – хныкаў Тамаш, цярэбячы Гальку за выпэцканыя калготкі. – Я таксама хачу пачуць!
Галька і яму прашаптала на вуха. І яны ўжо абое захіхікалі, брат з сястрою.
У Петрыка яшчэ больш сцялася ўсё ў сярэдзіне. Вочы ў яго пачалі налівацца слязамі. Ён хацеў крыкнуць, але замест гэтага толькі прашаптаў: – Дык і што з таго?
– А тое, што ў армію цябе не возьмуць! – заявіла бязлітасная Галька. – і ў школу не прымуць, і дзеўкі ў цябе ніколі не будзе!
Яна яшчэ