Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
ён, – што калі б не пан Несмяртэльны, маніфесту б людзям не далі. Гэта ягоныя клопаты. Згадваў ён пры мне таго Мікалаевіча, калі мы з Аніхоўскім апошні раз у яго былі наконт пабудовы касцёла ў Вончы. Адвёў я яго ўбок і пытаюся: «Як там, пане, з тым бунтам?». А ён і кажа: «Бунт яшчэ рыхтуецца, але, здаецца, можна па-добраму залагодзіць. Ведаеш, – кажа, – я тут добрае знаёмства завязаў з царскім дзядзькам. Гуляў аднойчы з ім і двума германскімі князямі ў дурня і дапамог яму іх чыста абшчыпаць. То карты так ператасую, каб яму адны тузы дасталіся, то, як трэба, козыра пад сталом падам, то калоду ўсю германцам скіну, а Мікалаевіча з цяжкай сітуацыі выбаўлю. Да другой гадзіны ночы гулялі, а ён хоць бы раз прайграў. Калі мы ўрэшце ад стала ўсталі, ён са смехам гаворыць: «У нас кажуць, што германцы – хітры народ, але, відаць, глуздоў у іх у галаве няшмат, калі нават у звычайнага дурня гуляць не могуць». А германцам і адказаць няма чаго». Назаўтра Мікалаевіч Несмяртэльнага кліча: «Ты мне дапамог швабаў абыграць, і я табе аддзячу – зраблю ўсё, чаго толькі пажадаеш для сябе ці свайго народа». А Несмяртэльны яму: «Толькі б вялікі князь стрымаў слова».
Хвала Богу, стрымаў.
Адправіўшы сыноў на вайну, палякі стаіўшы дыханне сачылі за яе ходам, прагнучы для Расіі перамогі. Мала дзе чыталі столькі газет, колькі іх пачалі чытаць у Смалярні. Іх увагі не маглі ўнікнуць нават найдрабнейшыя ваенныя звесткі. Яны радаваліся поспехам Антанты, бедавалі праз паразы і толькі дзівіліся, што газеты перасталі пісаць пра абяцанае ў маніфесце ўваскрашэнне Польшчы. Ніводнае згадкі пра гэта больш не адшуквалася ні ў расійскай, ні ў польскай газеце. Няўжо гэтая справа ўжо была вырашаная так дакладна і цвёрда, што перастала цікавіць людзей? Яшчэ ж нават не было вядома, будзе Польшча пад расійскім царом ці займее ўласнага караля і дакуль сягнуць яе межы. Хто-ніхто прапаноўваў пасля збору ўраджаю адправіць да пробашча спецыяльную дэлегацыю і даведацца, што там з гэтым пытаннем адбываецца на справе.
Тым часам Казік і Стах, дамовіўшыся з самымі паважанымі гаспадарамі, рыхтаваліся да адкрыцця смалярскай польскай школы з большым размахам. Сапраўдную школу вырашылі заснаваць – са сталай навучальнай праграмай і падзелам вучняў на класы. Яны паслалі ў Мінск купіць лемантары, чытанкі, паставілі дошкі і пафарбаваныя лавы, вывучалі падручнікі, граматыкі і пропісі, пазычаныя Казікам яшчэ ўвесну ў магільнецкага арганіста, і зацвердзілі папярэднюю праграму. Сцяпура аддаў пад школу сваю новую прасторную святліцу.
У апошнюю нядзелю верасня яны з цэлай ваколіцы склікалі бацькоў і склалі спіс дзяцей, што меліся хадзіць у школу. Кантычка асвяціў клас, лаўкі, адправіў набажэнства падзякі за спасланне палякам волі, і назаўтра пачалося навучанне.
Праз тыдзень да іх заявіўся ўраднік. Спыніў брычку ля хаты Сцяпуры і гайсануў проста ў клас.
– Охо-хо! – усклікнуў ён, пераступіўшы парог. – І скамейкі… і дошка! Настаяшчае учылішча. Ну і кто вам, рабяты, пазволіў?
– Што значыць хто пазволіў, – адказаў Казік. – Мы ж нядаўна свабоду здабылі.
– Свабоду?