Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
выпісаць, і нашу арцель расфармаваць і змяшаць з мужыцкімі табунамі.
– Схадзі да яе, пакліч да мяне на падворак. Хачу з ёй пагаварыць.
– Хочаш тут куламесу ўсчаць? Не чапляйся ты без нагоды, не чыні беспарадку, бо бяду прывядзеш і сабе, і ўсім нам.
– Ды не збіраюся я нікога чапляць, я толькі спытацца хачу. Схадзі, братка, калі ласка! Я за буданом буду чакаць.
– Ладна, толькі не забывайся.
На іх глядзела шмат вачэй, пакуль яны размаўлялі, таму Стах не пайшоў адразу да Карусі, а пастаяў крыху ля агню з аднаго боку, потым з другога і скіраваўся да Касі.
– Кася, цябе дзядзька Вінярскі чагось кліча, – зманіў ён, каб дала яму месца.
Кася ўстала, а Стах сеў ля Карусі і прашаптаў ёй на вуха:
– Косцік прыйшоў, бачыла?
– Бачыла, чаго ж не, – суха адказала яна.
– Ён хоча з табой паразмаўляць, дык просіць, каб ты да яго за будан прыйшла.
– За будан? Хоча размаўляць – хай сюды ідзе.
– Дык ён жа прыватна табе хоча сказаць нешта. Выйдзі, Каруська, паслухай яго. Ён вельмі просіць.
– Чаго яму ад мяне трэба, што ён да мяне лезе ўвесь час! – голасна ўсклікнула дзяўчына, крывячы вусны.
– Што такое? Хто лезе? – падхапіўся ўзводны.
– Нічога. Хлопец адзін жадае, каб я да яго выйшла, а я не хачу.
– Які хлопец? Дзе ён?
– Ды з нашых краёў прыйшоў тут адзін на работу.
– Брацік ён ёй стрыечны, – паправіў Стах, каб не абуджаць падазрэнні унтэра.
– Чаго ты маніш, ніякі ён мне не брацік.
– Сучка, – сказаў ён ёй на вуха і пайшоў да Косціка.
– Ну што, ідзе? – нецярпліва гукнуў той, калі Стах наблізіўся.
– Не хоча, – адмахнуўся Стах.
– Не хоча?! А што сказала?
– Сказала, што заўтра падчас працы пагаворыць з табой пра што пажадаеш.
– Дык вось яна якая стала! Нават выйсці да мяне не захацела.
– Дзесьці яна мае рацыю, бо калі б выйшла, ён бы за ёй пацягнуўся, падгледзеў бы за вамі і западозрыў.
– Страціў я яе, страціў, – застагнаў Косцік.
– Ціха, ціха, а то хлопцы падслухаюць і кпіць будуць, смяяцца. Віцька з Ромкам за такое цябе ў лыжцы вады ўтопяць. Хадзем адсюль, раскажу нешта.
Стах узяў сябра пад локаць, адвёў паўночным краем паляны да ракі і пачаў суцяшаць:
– Не бойся, твая будзе, а не ягоная. Работы навечна не зацягнуцца, скончацца – яна вернецца ў Смалярню, а ён пойдзе к чорту. Сапёры кажуць, не больш за месяц засталося.
– Вялікая мне ўцеха будзе з салдацкай падсцілкі.
– Называць яе падсцілкай толькі за тое, што яна з ім паразмаўляе ці патанчыць, ты не маеш ніякага права. Паміж імі яшчэ нічога такога не было, што яе зганьбіла б. Клянуся табе, бо вачэй з іх не спускаў.
– Не маніш?
– Перад абразам магу паклясціся.
І тут ззаду данесліся хуткія крокі. Абярнуліся – іх даганяў Казік. Косцік пачакаў, пакуль той наблізіцца, і кінуўся насустрач з плачам, як напалоханае дзіця – да бацькі.
– Братачка родны! Дапамажы мне яе