Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
які б мяне паваліў, нават калі я дазволю сябе падпахі схапіць. Я экзамент у ванчанскай школе здаў! Ужо тры гады балдахін над канонікам на шэсці нашу! Я ж з бабруйскім вікарыем знаёмства маю. Я ж свой, польскі хлопец. Пра мяне ў Смалярні кепскага слова ніхто не скажа, апроч тых, каго я пабіў. За чым жа ты пагналася? За чорнымі вусікамі, за нашыўкамі? Дык у мяне што, вусаў не будзе? Ці ж я, калі ў войска пайду, не здабуду такіх нашывак?
Ён заліваўся слязьмі, стагнаў, выў, качаўся па зямлі, выдзіраў траву пальцамі. Шум вечарынкі, што даносіўся здалёк, толькі дадаваў горычы. Рэзкія гукі цымбалаў калолі яго шпількамі ў патыліцу, салодкія ноты скрыпак вострым шклом кроілі сэрца. Ён прыслухаўся – гралі польку. «Мабыць, круцяцца там цяпер і адно да аднаго прыціскаюцца, – падумалася яму. – Ох, калі б сваім пакаранне потым не пагражала, я б цябе, гадзіна, так скруціў, што ты б ужо не разагнуўся. Я б не паглядзеў на твае нашыўкі і тваё званне!»
Косцік адышоў да рэчышча, каб не чуць гукаў, якія яго мучылі. Напіўся вады і лёг ля ракі на пяску, разглядаючы бераг. Плынь цякла сумна, змрочна і неяк злавесна, і з яе шуму нібыта пачалі выбівацца галасы:
– Леснічонак-абадранец! Панскі парабак! Куды ты пнешся? Не для цябе яна. Для пана з фальварку, для афіцэра, для графа расце гэтая кветачка!
«Хоць бы не звар’яцець», – з трывогай падумаў Косцік.
Ён падняў вочы на бор за ракою – а той нібыта сваім ценем з яго кпіў. З гушчару даносіўся піск начнога птаха, ці зайца, а можа, рыпенне дрэва, а ўражанаму Косціку здавалася, што хтосьці крычыць на яго: «Ты нуль супраць унцера, нуль… нуль… нуль!..» Паглядзеў на неба – і месяц пагардліва скрывіў на яго круглявую пысу.
Косцік схаваў твар у траву, каб зусім не бачыць свету.
Ён успомніў абяцанне Казіка і на хвіліну адчуў палёгку. Але потым падумаў, што унтэр можа быць з якой важнай польскай сям’і, таму Сакалоўскія ўзрадуюцца такой партыі, і яго зноў ахапіў адчай.
Ён ляжаў і мучыўся сваёй бядою, аж пакуль не пачуў з боку будана памацнелы галас. Косцік падняўся і крыху прайшоў уверх, не пакідаючы рэчышча. Моладзь ужо разыходзілася. Смалерчукі, згодна са звычаем, праводзілі гасцей. Некаторыя развітваліся перад буданом, заўзята штосьці абмяркоўваючы наастатак, іншыя даводзілі аж да сцяжыны і далей у розныя бакі. Сярод тых, хто пайшоў на поўдзень, адгадваліся і дзявочыя фігуркі. Косціка закалаціла ад думкі, што паміж імі ёсць і Каруся, якая праводзіць свайго унтэра. Ён выцягнуў шыю і прыгледзеўся, але праз месяцовае сяйво нічога не змог разабраць.
Тут ён заўважыў, што дарога бяжыць наўскасяк і збліжаецца з ракой, таму хутка пайшоў рэчышчам, каб зайсці спераду і разгледзець тую групу зблізку. Рухаўся хутка і без перашкодаў, бо дажджу не было ўжо некалькі тыдняў і паміж вадой і абрывам сталага берага была доўгая сухая паласа.
Там, дзе дарога заходзіла ў дуброву, паміж ёй і ракой было не больш за пяць сажняў. Дайшоўшы туды, Косцік стаіўся ў цені кустоўя і прыгледзеўся.
Спачатку прайшло некалькі сапёраў, насвістваючы «Сценьку», потым вялікая група цывільных хлопцаў, за імі Каська пад руку з сапёрам і Зоська з Аніхоўскім