Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
брату на ратунак. Падскочылі і Людвік з Саўкам. Апошні ад выгляду крыві і сякераў раз’юшыўся як дзікі звер.
– Заб’ю, ей-богу заб’ю! – роў ён. – Калі вы тапарамі, дык і я насмерць!
Ён некалькі разоў лупануў паленам і разагнаў набрыдзь. Уладзь падняў параненага брата, узяўшы адной рукой падпахі праз плечы, а другой заціснуўшы ўласную рану, і, абараняючыся ад разлютаванага натоўпу, рушыў да грэблі да сваіх.
Тыя ўжо беглі ім насустрач, бо далей трымаць мост не было сэнсу. Дабегшы, наскокам разарвалі колца нападнікаў і, злучыўшыся разам, па канюшыне, што расла паміж лугам, садам і агароджаю, пачалі адступаць да плоту.
Барукацца з такім натоўпам было немажліва, таму толькі бараніліся, увесь час круцячы млынкі і трымаючыся шчыльным колам, каб іх не атакавалі з тылу. І толькі Саўка, якога стогны параненых гаспадароў уганялі ў шаленства, раз-пораз ярасна кідаўся да злачынцаў і, пляжачы іх паленам, помсціў за ліхадзейства.
Нітаўцы ўсё настойлівей ціснулі з усіх бакоў. Не могучы наблізіцца да рагоўцаў, якія бесперастанку круцілі кіямі, яны кідаліся ў іх палкамі здалёк, што не прыносіла ніякай заўважнай шкоды. Але тут падбеглі шчэ конюхі, паднёсшы таварышам камяні, што аказаліся больш грознаю зброяй, і цяпер то адзін, то другі раговец сыкаў і хапаўся за руку, нагу ці бок, забываючы бараніцца. Некаторыя ўдары былі такія, што ўцятыя падалі на зямлю, і да іх тут жа кідалася зграя з дубінамі. Здавалася ўжо, што рагоўцам канец, што вось-вось усярэдзіну ўварвецца гурт нападнікаў, атакуе з тылу, разаб’е кальцо, расцісне і пераб’е ўсіх дубінамі. Але кожны раз да нешчасліўца паварочваўся хтосьці з яго таварышаў, закрываў сабою, даючы мажлівасць устаць, адысці назад і, ператрываўшы першы прыступ болю, зноў уступіць у бойку. Ян нястомна падбадзёрваў хаўруснікаў:
– Трымайцеся, браткі, трымайцеся! Нам бы толькі да саду, да плоту дабрацца, а там ужо гады нас не ўкусяць. Трымайцеся, хлопцы, ужо недалёка.
У садзе, што ляжаў паміж палянай канюшыны і дзядзінцам, іх чакала сям’я, трымаючы калы і агнястрэльную зброю.
Усё часцей падалі рагоўцы, усё мацней сплывалі крывёю, усё павольней рухаліся – але дапялі да запаветнага саду непераможаныя.
III. Смерць з касой
Стах вяртаўся дадому, злуючыся на бацьку як ніколі. А чаго ж не злавацца? Колькі разоў абяцаў узяць з сабою біцца, а цяпер праганяе, смаркачом называе ды яшчэ рэменем страшыць.
– Ніколі яму гэтага не забуду, – у запале паўтараў хлопчык. – Вось толькі вырасту… там разлічымся. Вось і куты штых у мяне ёсць… А калі наверх залезці? – спыніўся ён ля дуба, што рос у канюшыне. Вельмі ўжо яму хацелася паглядзець бойку.
Ён праціснуўся праз шчыліну ў плоце, прайшоў паміж лугам і канюшынавай палянай да баразны недалёка ад дуба і павярнуў да дрэва. Наблізіўшыся, зірнуў на масток. Здаецца, у ягоны бок ніхто не глядзеў. Прывязаў вяроўчынай сваю зброю да пояса і хуценька палез наверх.
Лазіў ён спрытна, як кот, і не адну пару бялізны аб дрэвы працёр.