Надбярэзінцы. Фларыян Чарнышэвіч
сыходзяцца і хутка адступаюць да плоту.
У Стаха замірае сэрца і валасы становяцца дыбарам. Ён разумее, што мусіць неадкладна ўцякаць дадому, а смеласці на гэта няма – баіцца, што не здолее. Ён азіраецца на плот.
У садзе чакаюць з каламі ў руках маці, тры цёткі і дзядулька. У дзядулькі галава перавязаная. Побач вялізныя грозныя сабакі – вішчаць і аж зямлю дзяруць ад злосці, бачачы набліжэнне крыклівага натоўпу. Цяпер Стах аддаў бы ўсё на свеце, каб апынуцца там, сярод бабаў.
Поле бітвы рагоўскіх мужчынаў і нападнікаў перасоўваецца ў ягоным кірунку. Вось яны ўжо мінаюць дуб. Убачыўшы гэта, Стах роспачна крычыць і просіць паратунку:
– Татачка, ратуйце! Ратуйце, татачка, родны мой, залаты! Няўжо ж аднаго мяне пакінеце! Я ж тут, на дубе! Ратуйце!
Але яны яго не чуюць, аглушаныя галасам крыклівага натоўпу. Нават мужыкі, што бягуць чародкаю па канюшыне зусім побач з дубам, не чуюць яго.
А ў рагоўцаў ужо і Марцін кульгае, і свінапас трымаецца за акрываўлены нос. Абараняюць толькі чацвёра.
Але яны ўжо амаль дайшлі. Кола нападнікаў расступаецца перад джаламі калоў, што ляцяць у іх з-за плота, і ўтварае паўмесяц. Жанчыны рассоўваюць жардзіны, робячы ў плоце праход. Спачатку заходзяць параненыя, за імі, хілячыся пад градам камянёў і палак, ускокваюць астатнія. Раз’ятраны натоўп пагражае, гыркае, вые.
Стаха агортваюць яшчэ большыя смутак і роспач. Во-ось, яны там усе цэлыя за плотам, у хаце і на дзядзінцы, а ён, маленькі, адзін-адзінюткі ў полі застаўся, шалёным мужыкам на здабычу.
Ён плача і доўга-доўга благае ратунку.
Нітаўцы стаяць, раяцца і пачынаюць насіць ад дарогі да саду каменне. Відаць, вырашылі браць загарадзь.
Над рэчкаю дзяўчаты і падлеткі выдзіраюць з грэблі плашкі і насцілаюць мост, каб пераправіць коней і быдла.
Стах аж ахрып ужо ад крыку, ды ніхто не азваўся.
Але нарэшце яго пачулі.
Міма дуба прабягалі двое дужых конюхаў гадоў па пятнаццаць. Адзін прыслухаўся, зірнуў уверх, потым пацягнуў за рукаў таварыша і гукнуў па-мужыцку:
– Архіп! Глянь, на дубе хтось сядзіць. Вунь, на самым вяршэчку. Ляшок, мусі.
Стах змоўк і знерухомеў.
– Ну да, хтось сядзіць, – пацвердзіў таварыш, паглядзеўшы на дуб.
– Гэй, хлопцы, сюды ходзьце! Шэршань на дубе! – крыкнулі яны.
Тут жа збеглася колькі іншых хлопцаў, пераважна таго самага ўзросту. Яны задзіралі галовы, прыкладалі далоні да фуражак, глядзелі і з радасцю ўпэўніваліся, што на дубе сапраўды малое «шаршаня» сядзіць.
– Гэй, там шэршань! – заліваліся яны. – Злазь, пагуляемся! Злазь, маць тваю! Злазь, морда ляцкая!
Стах не зварухнуўся.
– Злазь, бо і так цябе дастанем! Лепш па-добраму злазь!
Убачыўшы, што малы не зважае на іх заклікі, яны выбралі між сабою двух найлепшых дрэвалазаў і адправілі іх на дуб.
– А я вас штыхом! – ажывіўся Стах, выстаўляючы свой кій, акуты зіхоткай бляшкай. – Па галаве дам, хто палезе!
– Штыхом?!