Пошукі будучыні. Кузьма Чорны
добры вам, я так імчаўся па вас, што траха не астаўся ў рэчцы з канём…
– Праўда, масток сарвала, – разважліва сказаў прывыклы да ўсяго фельчар і пагнаў у хлеў карову і, ідучы, запытаў:
– Сам адкуль? А што здарылася?
– З Волечкай вельмі дрэнна!
– З якой гэта Волечкай?
– Ну а з той, што вы прыязджалі да яе ў хату палоннага немца лячыць.
– А-а, дык ты з Сумліч? Той самы выгнанскі сын? Ну, бачыш, як добра, што я параіў табе астацца там жыць. Хто б цяпер аб хворай Волечцы падбаў бы? Ну, ідзі ў хату сушыся. А то з цябе, пане-браце, вада, як з рукава, джгае.
– Няма калі сушыцца, трэба назад імчацца, яна там ледзьве жыве.
– А што з ёю?
– Ляжыць без памяці.
– Можа аб'елася чаго?
– Не, у яе баліць галава, горла і грудзі.
– Пастаў каня ў хлеў, а пасля паедзем, калі на небе расчысціць.
– Не, родненькі мой, паедзем цяпер.
– Чаго ты гэтак спалохаўся? Відаць, што ніколі хворых не бачыў.
– Як гэта не бачыў! У мяне бацька на дарозе памёр!
Фельчар нічога не адказаў і моўчкі стаў корпацца ў шафе. Кастусь так жа моўчкі чакаў. Нецярплівасці яго не было меры. Аднак жа ён вытрымаў і аж уздрыгануўся, калі фельчар сказаў, што можна ехаць. Ён сам сваім вушам не верыў, ён баяўся, што фельчар не захоча ехаць. А тым часам на небе і сапраўды расчышчалася. Фельчар сказаў:
– Па паўдні зусім распагодзіцца.
Кастусь пагнаў змучанага каня з усіх сіл. Дождж усё пабольшваўся. Цераз брод праскочылі ў момант. Фельчар сам пачаў пакрыкваць на каня. Кастусь бесперастанку тузаў лейцы. Як уехалі ў двор, фельчар не даў Кастусю апомніцца, сагнаў яго з воза адразу і ўвапхнуў у хату.
– Ты ўвесь ссінеў і калоцішся, як святы на споведзі. Каб ты не смеў мне да самага вечара з печы злазіць! А то Волечцы прыйдзецца ехаць па мяне і ў бродзе плаваць. Ну а ты, малая, дзе ты там? Як маешся? А, вось ты якая. Ну, нічога, пакажы шыю. Каб ты мне цэлы тыдзень вылежала, а тады ўставай сабе і рабі што табе трэба. Ляжы, Волечка, ляжы. Пакажы язык. А ты там на печы? Яшчэ ўсё дрыжыш? Не глядзі, што ты на печы, а на табе гэтую адзежыну, акрыйся і дыхай сабе ў жывот. Але ж і кажушок злубянелы! Чый гэта? Твой?
– Не, гэта Волеччын.
– Грэйся! З цябе павінна выйсці сем патоў, толькі тады маеш права з печы злезці! Ты мне глядзі! Шэсць патоў сыдзе, а ты не злазь. Чакай сёмага.
– А як жа іх лічыць тыя паты? – ледзьве адцягнуў голас Кастусь.
– Выцірай лоб і чакай, пакуль зноў замакрэе. І так да сёмага разу.
– Добра, толькі я раней пайду каня пастаўлю.
– Не смей! Нічога каню не зробіцца, калі і пастаіць на свежым паветры. Каня кожны вецерынар можа вылечыць. А няхай паспрабуе цябе вылечыць! Толькі я цябе магу лячыць! А дзеля гэтага Волечцы прыйдзецца ў бродзе купацца. Чуеш?
– Чую, – прахрыпеў Кастусь, сцішваючыся за халодным комінам.
– А цяпер і я павінен аптэчнага