Пошукі будучыні. Кузьма Чорны

Пошукі будучыні - Кузьма Чорны


Скачать книгу
Цяпер ужо час прайшоў, востры боль душы прытупіўся. Час лячыў душу. Смутак аб бацьку, аб родным кутку, аб усім тым, што страцілася і што ўжо вярнуць было цяжка, і на гэта надзей не было – смутак аб гэтым ападаў і зменшваўся, і аставаўся без выбухаў і болю. Ужо з'яўляліся ў душы першыя адзнакі таго, што ўжо тут, на гэтым месцы, душа знойдзе радасць быць у сваёй радасці. Ясныя былі дні, і марозлівыя, і, як заўсёды ў тую восень, ціхія. Цішыня і спрыяла ўраўнаважанню яго душы. Гэта была мясцовасць, дзе як бы сышлося ўсё, да чаго ён прывыкаў некалі ў маленстве. На даляглядах сінелі лясы. Вялікія дрэвы раслі пры дарогах, і чым вышэй яны ішлі ў неба, тым неба здавалася вышэйшым. Мерзла і нікла трава, але над вадою яна стаяла зялёная і тырчэла з прыбярэжнага лёду. З дзікіх ігруш на межах і выганах ляцела ў вецер счарнелае лісце. Камень пры дарозе абростаў імхом, уночы абзываўся воўк у пушчы, на вялікую разлегласць грукацелі колы па мерзлай зямлі, кожны дзень на ўсходзе і захадзе неба доўга палала ясным хараством, і не было той ночы, каб зырка не свяцілі зоры. Гэтымі начамі Кастусь не спаў моцна і глыбока, як гэта бывала з ім раней. Не нуда і не смутак ужо, а руплівая ўзбуджанасць падкрадалася да яго ў гэтыя ночы. Ён паднімаў галаву і прыпадаў тварам да шыбы. Яшчэ далёка было да світання. Увосень ночы доўгія. Так па некалькі разоў на ноч ён выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Але найбольш еў адзін конь, яго. Волеччын жа быў зусім стары. З'едзенымі зубамі ён склычваў сена ў мокрыя камякі і, утаміўшыся, стаяў над ім. Кастусь падкладаў яму свежага сена і ішоў дасыпаць ночы, каб аднак жа яшчэ ўстаць некалькі разоў. Душа яго чула і вочы бачылі, што стаіць хараство зорнай ночы і восень позняя пагодная, але аднак жа цяпер ужо сталасць заклапочанага чалавека панавала над усім у яго душы, і гэта было яго шчасце, бо ён не аддаваўся голым пачуццям, а паўнаце жыцця, якое яно ёсць. І гэта ратавала яго ад хваравітых парываў, якія навек могуць сапсаваць маладую натуру. Шчаслівасць укрывала ад гэтага і Волечку. Цэлымі начамі яна ціха і глыбока спала і ўставала тады, калі пачынала цадзіцца світанне. Пры лучыне абое яны рыхтаваліся, як толькі развіднее, выехаць у лес. Дровы вазілі на Кастусёвым кані. Волеччын ніяк не правіўся, а яшчэ больш худнеў. Волечка раз была сказала:

      – Яшчэ тата казаў, што трэба перамяніць каня.

      – Я табе яго перамяню, – адказаў ён ёй на гэта, і яна не прыняла яго адказу за пустыя словы. Незаўважна ні для кога з іх яна пачынала адчуваць у ім нейкі для сябе аўтарытэт. Дзень за днём, і куткі Волеччынага двара былі ўжо завалены галлём і тонкім сухастоем. Ужо на зіму даволі будзе апалу. Але што гэта за дровы! Калі везлі з лесу апошні воз, Кастусь нагледзеў у гушчырні, у баку ад дарогі, добрую хваёвую сухастоіну.

      – Я яе ўночы спілую і за дзве ночы перавязу. Вось гэта дык будуць дровы! На самыя маразы, і хлеб пячы. А з самага камля пастаўлю шулы ў браму, а то двор не зачыняецца.

      – Як жа яе спілаваць? А ляснік звон пачуе.

      – Не пачуе. Трэба вышэй пілы камель шчыльна абкруціць кажухом і цесна перавязаць, а тады пілаваць. І ніякага звону не будзе. Толькі кажуха няма.

      – А


Скачать книгу