Пошукі будучыні. Кузьма Чорны
як самая руплівая з усіх жанчын на свеце. Малады яе госць стаяў на двары пры возе і глядзеў, як коні ядуць сена. Фельчар моўчкі сядзеў і пасля разгаварыўся з Волечкай.
– Дык і табе, дзяўчо, прыйшлося горка, – казаў ён. – Ну, бацька твой, дарма што пісем не шле, а можа быць жыў і здароў і хутка вернецца дадому. Дык ты нічога кепскага не думай, а жыві сабе памалу. Ведай, што кожны пражыты дзень адкідае тое, што ёсць, і набліжае тое, што будзе. Горачы на свеце многа, але і ў самай большай на свеце пасудзіне ёсць дно, няхай сабе яна хоць і да краёў наліта атрутай. А ты стаіш перад векам сваім, дык атрута і горач выветрацца і высахнуць, а ты жыць будзеш… Дык як жа мне, – сказаў ён нарэшце да салдата, – трэба дадому брацца.
– Я пайду да старасты, каб даў фурманку вам, – прагаварыў салдат. – А мы з немцам у дарогу заўтра.
І гэтулькі было ў салдацкім голасе спакойнай ураўнаважанасці, гэтулькі было ў ім упэўненасці, што ўсё на свеце ідзе да таго, да чаго яно ідзе, што здавалася, ніякае хваляванне не пройме гэтага чалавека. Салдат выйшаў, і ўсе ў хаце чулі, як ён на двары гаварыў з маладым выгнанцам. Немец крыху прыўзняў галаву, павярнуўся тварам угару і ляжаў так, гледзячы ў столь. Фельчар даў яму яшчэ парашок, і той, мусіць, ужо як мае быць убачыўшы, што яго не страляюць і не рвуць на кавалкі, а лечаць, выпіў лякарства і зноў спакойна ляжаў. Тым часам хлопец увайшоў у хату і, ні на кога не гледзячы, як бы сам сабе, моцна сказаў:
– Дык можна ж было і ўчора пайсці да старасты, каб даў фурманку, а то мяне ганяў у мястэчка. Знайшоў сабе вазюра! Добры інтэрас! Што ён да мяне мае! Прычапіўся!
– Намнога ты за яе старэйшы? – сказаў фельчар хлопцу і паказваючы на Вольку.
– Адкуль жа я магу ведаць? – паціснуў плячыма хлопец.
– Як гэта? Хіба яна не сястра твая?
– Я на выгнанства ад вайны еду.
– Тут асталяваўся жыць?
– Не, я тут бацьку хаваў.
– Куды думаеш ехаць?
– І сам не ведаю.
– Кожная дарога куды-небудзь вядзе, але ты выбірай тую, якая не вядзе ў прорву.
Прыйшоў салдат і сказаў, што фурманка пад'едзе пад хату.
Волечка тым часам нешта занадта рухава пачала завіхацца ля печы.
– Прынясі мне лому, – сказала яна да Кастуся без якой бы там ні было выразнай інтанацыі ў голасе, і ён ахвотна прынёс лом.
– Увапхні ў печ і запалі, бо я вельмі спяшаюся.
Сонца спускалася ўсё ніжэй, праменне яго з кожнай хвілінай зменьвала свой колер, і нарэшце ў яго роўным чырванаватым бляску ажыла задумёнасць ціхага змяркання. І тут пачалася паэзія спакойнага адвячорка ў хаце. Усе ціха сядзелі, кожны на сваім месцы і са сваімі думкамі. У рухавым клопаце была толькі адна Волечка, малая гаспадыня гэтай хаты, дзе так нечакана сабраліся так не падобныя адзін на другога людзі, далёкія адзін ад аднаго і месцам на зямлі, і прывычкамі, і звычаямі, і жаданнямі, і натурай. У печы зырка гарэў агонь і пры ім кіпеў вялікі гаршчок. Волечка то выходзіла ў сенцы,