Хвоі гавораць. Кузьма Чорны
каравыя ногі дзядзькі Язэпа і думаю: увесь час ён маўчыць – значыцца, у яго многа важкага ў душы; у яго многа слоў.
Мне важна слухаць яго выказванні аб тым, чым у вострыя моманты жыцця повен ён, я яшчэ ўпэўнены ў тым, што і для яго гэта палёгка, і я думаю так: няхай ён гаворыць аб чым сабе хоча, а я буду з па-за гэтых слоў чуць тое, аб чым ён не гаворыць, аб чым толькі думае… А што яго нешта мучыць, гэта відаць па ім. Што ў яго?
Гэта не ёсць мая пустая цікаўнасць, гэта жаданне блізасці з гэтым чалавекам.
«Гавары ты, дзядзька, аб чым-небудзь» – хочацца сказаць мне.
А ён маўчыць. Звесіў босыя ногі з насыпанага над канавай вала, укрытага пажоўклай травой, і глядзіць уніз. Там, на дне гэтай неглыбокай і вузкай канавы, трава таксама жоўтая, але большая; відаць з яе конскую спарахнелую сківіцу з некалькімі зубамі і з вялікаю чорнаю мухаю; збоку паточаны мурашкамі дробны, як пыл, жоўты пясок. Я гавару першы:
– Мусіць, халады хутка пачнуцца – вельмі ж сівагракаў аднекуль паналятала. Сягоння па паўдні я ішоў з кустоў, дык там гэта, што Юрась заараў ялавіну, дык на той раллі што іх робіцца – бегаюць, скачуць…
– То што, – сказаў дзядзька Язэп, – не заўсёды яны прылятаюць перад холадам, я не спрактыкаваўся, каб яны канечне паказвалі холад… Гэта ёсць такія маленькія птушкі – бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад – адразу з'яўляюцца каля будынкаў… Гэта даўней, як я яшчэ хлопцам быў, дык пайшоў быў раз у сад лом сеч. Пацягнуў ламачыну, а яны з-пад яе калі сыпануць кучаю – дробныя, як гарох, і якраз неўзабаве тады, калі даў холад! Праўда, восень была позна… Птушкі чуюць холад…
Ён з захапленнем расказаў аб гэтым, а я падумаў: «Калі ён так горача, з такою прыемнасцю гаворыць аб гэтым, значыцца, праўда, што нешта яго мучыць, нешта гняце яго істоту, і вось гэтае самае ён хоча ўтапіць у даўнейшай восені, у ломе, у саду і ў птушках, якія чуюць холад…»
Як кагадзе ішлі мы з ім з поля вузкаю дарогаю між палос раллі і ржышча, я думаў запытацца, што з ім, чаго ён такі неспакойны ў голасе, а цяпер рашыў не пытаць – няхай сам скажа, а калі не – хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі не ўпэўнены, што словы твае будуць лекамі. Глядзі, каб не залезці ў чужую душу з цвёрдымі капытамі…
Дзядзька Язэп памаўчаў і загаварыў:
– Гэты год будзе ранняя восень, відаць… Толькі, от, з аўсамі запазніліся… У мяне яшчэ коп пяць ня звезенага, а ў Юрася ўвесь на полі…
– Невялікая работа – пазвозіць авёс, – сказаў я.
– Я не кажу, што вялікая… цяпер авёс буйны, дык яго лёгка рублём уціскаць… Я памятаю, даўней раз у мяне авёс ледзьве быў з зямлі падняўся, не то што жаць, а сілаю, гвалтам я скасіў яго… Там гэта каля лесу… рана паспеў ён, дык яго кашу, а хвоі шумяць-шумяць…
«Ён ізноў пайшоў убок з гаворкаю, – падумаў я, – ужо ў хвоі падаўся, яму, значыцца, лягчэй гаварыць аб чым-небудзь другарадным».
І я пачаў гаварыць:
– Цяпер там маладыя хвоі ўзяліся. Тады, як у вайну навысякалі там іх, дык здавалася, што пустэча будзе. А гэта малады лес узбуяў… Здаецца, нядаўна было – я яшчэ на тыя хвоі, бывала, з вашым Міхалам лазіў глядзець у гнёздах вараняняты…
Ён дзіка глянуў на мяне, трохі паглядзеў так вот мне ў вочы, пацерабіў чорную, кароценькую і пасівеўшую месцамі шчаціну барады і сказаў:
– Міхал памёр. Учора вечарам прыйшоў адтуль ліст.
Сказаў і змоўк.
І ізноў пачаў глядзець у жоўтае дно канавы… Чорная муха ўжо лазіла па пальцах яго нагі, а мае думкі блыталіся так: што гэта Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. І вось цяпер дзядзька Язэп сядзіць тут са мною над гэтай канавай і страшна сумуе. Цяпер у яго толькі дачка і жонка ў сям'і, а Міхала ён ужо два гады не бачыў – той недзе быў на рабоце і патроху хварэў… Дзядзька Язэп многа чаго перажыў цяжкага ў жыцці, многа бачыў такога, ад чаго жудаснасць можа ахапіць чалавека…
Раптам мае думкі пераскочылі на чорную муху. Яна поўзала па яго пальцах, а ён не чуў гэтага. Я пачаў думаць, што ў яго на нагах вельмі ж таўстая скура, ды яшчэ ў засохшай зямлі – хіба тут нейкая муха будзе прыкметна!
Ён маўчыць. Можа гэта ўсякае гора – толькі муха іншаму чалавеку?
Сядзеў ён, упёршыся рукамі ў зямлю. Трохі пагойдваўся шырокаю спіною. З-пад шапкі з цыратовым казырком павылазілі густыя, чорныя валасы з ніткамі срэбранай сівізны. Твар у яго абветраны, да чарнаты загарэлы на сонцы…
Ён адхінуўся назад і стаў глядзець некуды паверх маёй галавы. Тады я лішні раз упэўніўся: чалавек можа быць гордым перажытымі пакутамі, у час жа гора, калі ён пачынае стагнаць перад другімі, ён тады – увасабленне мізэрнасці.
Вось чаму дзядзька Язэп маўчыць. Бунт у ім схаваны ў глыбіні…
II
Вечарамі на зямлю лажыцца шэрая ціш. Поле пахне аўсяным іржышчам і вялаю атаваю, а цесныя двары пры маўклівых хатах – коньмі і дзёгцем. Наша вуліца дрэмле ў цішы і ясным змроку.
Толькі не маўчыць стары папоўскі сад – у старым доме асвечаны там два адчыненыя акны, і некалькі камсамольцаў