Хвоі гавораць. Кузьма Чорны
пераплятаюцца таксама, як і постаці ў абнімку, – падаюць яны нізкім шэптам. Я пазнаю дачку дзядзькі Язэпа – смуглявую маленькую Досю – і, пазнаўшы, адганяю ад сябе журботную трывогу, раптам скрабянуўшую мяне; заспакойваю сябе нават некаторымі філасафічнымі развагамі…
Яны ўдваіх садзяцца на суседнюю прызбу і шэпчуцца.
– З кім гэта яна? – ціха гаворыць мне дзядзька Язэп.
Я горды тым, што ён давярае мне свае думкі, але, ад малых дзён падказанай мне людзьмі неабходнасці браць усё пад кантроль, я раскідаю думкамі, хто ж такі дзядзька Язэп? Трохі падумаўшы аб гэтым, я не адганяю ад сябе гордасці нашай блізасцю і пачынаю пазнаваць, з кім сядзіць Дося. Цераз хвіліну я падсоўваюся бліжэй да дзядзькі Язэпа і паведамляю яго:
– Гэта студэнт-практыкант. Той, што прыехаў з каморнікам зямлю мераць.
– М-м-мгу…
І тут я не пазнаў дзядзькі Язэпа, першы раз за час сваёй блізасці з ім не пазнаў. Ніколі ён так безудзельна да ўсяго не адносіўся. Гаворачы аб студэнце і ведаючы дзядзьку Язэпа, я быў упэўнены, што ён зараз жа пачне выводзіць свае пераконанні – добра гэта ці кепска і як да гэтага трэба адносіцца. А цяпер ён аднёсся да гэтага так, як бы гэта Дося яму не дачка, а студэнт не малады хлапец, а якая-небудзь танная істужка, што выпадкова і без ніякіх слядоў пасля сябе абнімае Досіну шыю.
Цяпер, значыць, дзядзька Язэп думае толькі аб Міхале.
І мы так седзімо моўчкі. Дзядзька Язэп чухае калені, мабыць, пойдзе зараз спаць.
– Добры вечар!
Вырасла аднекуль са змроку шэрая постаць, прыткая і лёгкая.
«Чаго гэта поп ходзіць ноччу па вуліцы, няўжо яму мяшаюць спаць галасы ў саду?» – думаю я.
А ён углядаецца, каб пазнаць нас, пасля гаворыць дзядзьку Язэпу:
– Стары ты чалавек, табе ж паміраць хутка пара прыйдзе, а Бога забыўся, хоць бы адслужыў па Міхалу паніхіду…
Дзядзька Язэп маўчаў.
– Стрэў я ўчора Астапа Варывончыка – так і так, кажа, Язэпаў Міхал памёр, я аж умлеў.
Голас у папа танклявы і порсткі, і ўвесь ён, як на іголках, стаіць і гойдаецца, перабірае на жываце пальцы, гладзіць пальцам шчуплую бародку. Дзядзька Язэп, слухаючы яго, нагінаецца і кладзе рукі на калені.
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.