1813 (зборнік). Уладзімір Садоўскі
вуліцах і аглядаўся навокал. Там-сям сярод занесеных снегам спаленых хат курэў дымок. Я бачыў уваходы ў зямлянкі, бачыў буданы з абпаленага бярвення, намёты. Нехта працягваў жыць у мёртвым мястэчку. Колькі разоў мне трапляліся мінакі, якіх цяжка было прыняць за людзей. Проста нейкія камякаватыя гурбы рыззя, што бадзяліся па вуліцы без справы і без кірунку. Мне запомніліся вострыя халодныя вочы дзіцяці, якое спынілася ля ўзбочыны і доўга праводзіла позіркам мяне і майго каня. Я не мог нічым ім дапамагчы.
Вайна прайшлася па мястэчку агнём і мячом. Як пазней расказваў дзядзька, ля Маладэчна і ў самім мястэчку адбылася адна з апошніх бітваў Вялікай вайны. Не менш жорсткая, чымся іншыя. Імперскія бамбардзіры дзень абстрэльвалі пазіцыі французаў, спаліўшы такім чынам вялікую колькасць хат. Добра, што дзядзькаў замак знаходзіцца наводдаль ад паселішча, ад артабстрэлу ён не пацярпеў. А потым была сеча. Змучаныя бясконцым адступленнем напалеонаўскія войскі далі бой на полі ля Вушы. Дзядзька казаў, што там і цяпер пад снегам ляжаць сотні непахаваных салдат Вялікай арміі Напалеона.
Я ехаў па мястэчку, і вочы мае напаўняліся слязьмі. Ты ведаеш, родная, што падчас душэўных узрушэнняў я больш здольны да стварэння музыкі. Але тая мелодыя, што нараджалася ў маім сэрцы, калі я глядзеў на разбурэнні, – не для старонніх слухачоў. Яна назаўжды застанецца са мною, разам з маім смуткам і болем.
Ля паскубанага гарматамі кляшторнага будынка я пабачыў натоўп. Манахі-трынітарыі, якія заставаліся ў мястэчку на працягу ўсёй вайны, зладзілі там раздачу гарачай поліўкі. Нешматлікія выжылыя местачкоўцы ціснуліся бліжэй да цеплыні вогнішчаў. Гэта быў адзіны светлы прамень сярод цемры расчараванняў. Я рашыў выказаць падзяку манахам за іх самаадданасць ад свайго імя і ад імя імператарскай улады, якую я, па вялікім рахунку, тут прадстаўляў. Зрэшты, у той момант турбаваць манахаў я не захацеў і пастанавіў здзейсніць сваё рашэнне ў больш афіцыйнай абстаноўцы.
Я вярнуўся ў замак засмучаны. Шыдлоўскі дапамог мне выбрацца з сядла і завесці Бакаса ў стойла. Я сказаў кашталяну, што не буду абедаць, і яшчэ папрасіў не турбаваць мяне некалькі гадзін. Потым падняўся ў свой пакой і доўга праляжаў на ложку без сну сам-насам са сваімі пачуццямі. Спусціўся ў гасцёўню я толькі пад вечар, тады, калі там ужо рыхтавалі стол да вячэры. За ежай я падзяліўся сваімі ўражаннямі з дзядзькам і нарэшце змог падрабязна распытаць яго пра жыццё падчас вайны…»
Міхал у задуменні паглядзеў у акно. Хвіліну ўзіраўся ў далягляды, а затым абмакнуў пяро і прыпісаў яшчэ колькі словаў на аркуш. Потым акуратна склаў аркушыкі ў каперту. Разагрэў над полымем свечкі кавалак сургучу і запячатаў ліст, пакінуўшы пярсцёнкам адбітак. Пакуль сургуч застываў, Агінскі зноў пракруціў у галаве падзеі ўчорашняга дня. Была адна рэч, пра якую Міхал вырашыў пакуль не казаць жонцы ў лісце, каб не засмучаць яе яшчэ больш.
Учора пасля вячэры Міхал разам з дзядзькам прайшлі ў бібліятэку. Вялікае памяшканне было застаўлена шафамі