1813 (зборнік). Уладзімір Садоўскі
фармуецца, нібы з цеста, празрыстая фігура – чалавечая постаць. Мартэн развярнуўся і ўжо больш не азіраўся. Ён прызнаўся мне, што баяўся тады нават дыхнуць. Ён быў упэўнены, што пабачыў прывід. «Гэта быў нябожчык з каменнай скрыні… Дакладна ён…» – сказаў мне афіцэр і скруціўся ад моцнага прыступу кашлю. Я падаў яму вады і змяніў кампрэс на ілбе. Праз хвіліну Мартэн зноў мог гаварыць. Ён расказаў, што пасля выхаду на паверхню капітан дэ Венон надоўга пакінуў іх атрад. Археолаг выправіўся ў стаўку імператара з дакладам. Таму цэлы тыдзень афіцэры маглі спакойна адпачываць. Неўзабаве французскія войскі пачалі рыхтавацца да адыходу з Масквы. Атрад дэ Венона далучыўся да асноўных сілаў. Спачатку мужчыны трымаліся разам. Але потым прыйшоў загад камандавання, і атрад расфармавалі. Усіх афіцэраў прызначылі на камандныя пасады ў нейкім з палкоў. Калі захварэў адзін з іх – малады віконт Мішэль Пірэ, – Мартэн даведаўся пра гэта першым. Афіцэр разам з іншымі чальцамі пошукавага атрада часта наведваў маладога чалавека ў перасоўным шпіталі і з жахам назіраў за тымі зменамі, што адбываліся з Мішэлем падчас хваробы. Хлопец хутка губляў вагу, ягоныя некалі ружовыя шчокі ўваліліся і збялелі. Афіцэр разказваў мне, якімі чырвонымі і сухімі зрабіліся вочы маладога чалавека. Такія самыя вочы я сам мог назіраць у Мартэна падчас нашай з ім размовы. Малады афіцэр страціў магчымасць гаварыць, увесь час мычэў і калыхаў рукамі. Чым далей заходзіла хвароба, тым больш буяным і неўтаймаваным рабіўся Пірэ. Ён пачаў кідацца на наведнікаў і аднойчы ўкусіў за руку лекара, які спрабаваў яго пакарміць. Мішэль не змог сачыць за далейшым лёсам маладога афіцэра, бо іх полк увязаўся ў сутычку з нерэгулярнымі сіламі праціўніка. Афіцэру давялося прыняць камандаванне невялікім атрадам уланаў. Пазней ён чуў ад знаёмых, што дэ Пірэ сканаў недзе пад Смаленскам. Адступленне было неймаверна цяжкім. Штодзень войскі зазнавалі напады партызанаў або хуткаконных казацкіх атрадаў. Але якім бы стомленым афіцэр ні быў, ён пачаў заўважаць у сябе прыкметы той хваробы, што загубіла маладога Мішэля. Ён з цяжкасцю мог хадзіць, страціў рэакцыю, пакутаваў ад мігрэняў. Да яго даходзілі весткі, што шмат хто з былога пошукавага атрада гэтаксама злёг ад невядомай заразы. Да таго ж, некаторыя салдаты з ягонага палка звярталіся да лекара з падобнымі скаргамі. У адной з бітваў Мартэн трапіў пад абстрэл і быў моцна паранены ў руку. Палкавы лекар, нядоўга думаючы, адсек знявечаную канечнасць і праз адсутнасць магчымасці выхадзіць параненага ў палявых умовах, загадаў салдатам пакінуць афіцэра на ўтрыманне літасцівых манахаў. Так Мартэн апынуўся ў нашым кляштары. Скончыўшы свой аповед, афіцэр расплакаўся. Я ўзяў яго за руку і паспрабаваў супакоіць. Ён стагнаў і енчыў, што не хоча паміраць. Мартэн сцвярджаў, што смяротная хвароба, ад якой сканаў малады Пірэ і ад якой пакутуе ён, насланая на іх атрад маскоўскім прывідам. Што гэта праклён за тое, што афіцэры пасмелі патрывожыць ягоны спакой у закінутай крыпце пад крамлём.