1813 (зборнік). Уладзімір Садоўскі
вялі дзверы, панаваў паўзмрок. Усе вокны ў памяшканні былі забраныя аканіцамі. Але і пры такім дрэнным асвятленні Міхал змог пабачыць, што ў калідоры поўна людзей. Малыя, старыя, сярэдняга веку, яны купкамі і па адным сядзелі ці ляжалі на падлозе ля сценаў. Праз адчыненыя дзверы келляў бачыліся ложкі з пацярпелымі. Побач з хворымі стала знаходзіўся хтосьці з манахаў. Белыя плашчы з крыжамі вылучаліся сярод шэрай масы зноскаў, у якія была апранута большасць выжылых жыхароў мястэчка. Нягледзячы на вялікую колькасць людзей, у памяшканні было ціха. Толькі час ад часу з келляў даносіўся стогн, а ў калідоры можна было пачуць прыглушаны шэпт – гэта бацькі супакойвалі сваіх дзетак. Здавалася, што ўсе, хто быў у Маладэчне, перамясціліся сюды.
– Французы напалі зноў, – манах шпаркім крокам пайшоў да лесвічнага пралёту, спрытна абмінаючы людзей. Міхал паспяшаўся за ім.
– Як? Адкуль тут могуць быць французы? Яны ж даўно адышлі за межы? – Агінскі незаўважна для сябе перайшоў на гучны шэпт.
– Гэтыя – з тых, хто застаўся, – шматзначна адказаў манах.
– Не разумею.
– Я таксама, – манах падняўся па прыступках да першай пляцоўкі і паглядзеў уніз на Агінскага, – Але з усяго выходзіць, што гэта памерлыя французы.
– Як памерлыя? – Міхал аслупянеў.
– Памятаеце, я расказваў пра Мартэна Кале? – данёсся з вышыні голас плябана. Брат Крыштоф спускаўся з другога паверха.
– Вітаю вас, браце, – Агінскі схіліўся ў паклоне.
– Адзін з местачкоўцаў бачыў афіцэра ўчора ў Маладэчне, – працягнуў плябан, не адказаўшы на прывітанне. Выглядаў ён украй стомленым.
– Вы ж сказалі, што ён памёр, – не зразумеў Міхал.
– Я сам так думаў. Але ўчора французскі жаўнер без рукі разбурыў адзін з намётаў і моцна параніў тых, хто быў унутры.
– Якім чынам?
– Ён пакусаў іх, – плябан змоўк.
– Вось і наш конюх, – прыгадаў Агінскі, – таксама казаў, што ў лесе яго пакусаў шалёны француз.
Плябан са шкадаваннем у голасе прамовіў: – І цяпер ваш конюх ляжыць з ліхаманкай.
– Так, адкуль вы ведаеце? – здзівіўся Міхал.
– Ва ўсіх пацярпелых такія ж сімптомы, – брат Крыштоф паказаў рукой у бок келляў. – Мы збіраліся ўчора накіраваць у ваш замак пасыльнага з папярэджаннем, але праз наплыў людзей не змаглі гэтага зрабіць. На ўліку былі ўсе працаздольныя людзі.
– Але як такое магло здарыцца? – бедаваў Агінскі. – Я не разумею.
– Пацяплела, – нібы сам сабе прамовіў плябан.
– Што? Я вас не чую, – Міхал падвысіў голас.
– Поле за Вушою было завалена трупамі, пасля бойкі ніхто не парупіўся іх прыбраць, – брат Крыштоф павярнуўся да Агінскага. Пачырванелыя, напоўненыя смуткам і болем вочы плябана, здавалася, глядзелі скрозь Міхала. – Сёння брат Валянцін быў там. Яно пустое. Усе нябожчыкі зніклі. Цяпер яны блукаюць па наваколлі.
– Вы нейкую лухту плецяце, брат. Вы доўга не спалі. Вам трэба адпачыць, –