Дзень Святого Патрыка. Ганна Севярынец
рукі вядзерца – і па грыбы. Ля вежы спынішся – «Бусел, бусел, кінь калоду!» – і пайшоў. Гняздо тут высока, і буслянятак ніколі не бачна – колькі іх там, але ж гэта не важна, бо надвор’е яны даюць незалежна ад колькасці. Можна ісці смела – дождж не заспее.
Буські сваё адпрацоўвалі на ўсе сто. Ніколі ва Унорыцы дрэннага надвор’я не было. Калі раптам сярод вясны зіма – тулішся да гарачай печы і чакаеш абавязковых у такім выпадку тоўстых бабуліных бліноў. Калі адліга, дык класна: са страхі капяжы, на двары лужыны, у лужынах ледзяшы. Калі лета – дык на ўсю катушку лета. А калі дождж – дык таксама цудоўна: сядзіш на канапе, чытаеш сто трыццаты раз адзіную кніжку ў бабуліным доме, нейкі дэтэктыў без вокладкі, і трэба ж такое – падабаецца кніжка. І сто трыццаць разоў таму падабалася. У горадзе б у рукі не браў, а тут – эх!..
А назаўтра – кароў пасвіць. Мая любімая вясковая праца. Пастуха вёска не трымала, пасвілі кароў усе двары па чарзе, і бабуля заўсёды «мянялася» з суседзямі, каб нашы чэргі прыпадалі на мае канікулы. Тры, чатыры, пяць разоў, і за цётку Маню два. Каб не горад, была б я пастухом, і, як у кожнага пастуха, які сябе паважае, была б у мяне ў торбачцы кніжка, і сшытачак, і аловачак, і рабіла б я тое самае, што і так па жыцці раблю.
Пастуху выдаецца пуга – драўляная, адпаліраваная пастуховымі рукамі палка, і на ёй доўгі гумавы шнур, а на тым шнуры – вузельчык, і толькі той добры пастух, хто ўмее прагнаць пугай хвалю і напрыканцы шчоўкнуць тым вузельчыкам. Я так умела. Эх, бачыла б мяне мая настаўніца па фартэпіяна!
Дык вось, калі статак даходзіць да цярцежыка і пачынаецца навокал такі смачны хрумст, такое задаволенае пыхканне, і ад каровіных бакоў ідзе ранішні пар, і сонца рассыпаецца ў траве мільярдамі сонейкаў, тады паміж чорных, рыжых, а большзвычайных пярэстых кароў з’яўляюцца буські. Тут становіцца зразумела, хто тут сапраўдны пастух, каго слухаецца статак, хто насамрэч камандуе парадам і каму для гэтага не патрэбныя ніякія пугі, торбачкі і дзелавы выгляд. Буські ходзяць ля кароў, таксама пярэстыя, чорныя з белым, кланяюцца кожнай і стрымана гавораць: «Здрастуйця, здрастуйця, каровы, як начавалі, мы тожа добра, ага, ага».
Ну, дык а я сядаю пад вярбу са сваім дэтэктывам. Каровы пад наглядам, надвор’е пад кантролем, прывольнае ты, пастушынае жыццё!..
Настаўнікі няшмат вандруюць па краіне, а журналісты – шмат, а тыя, хто і настаўнік, і журналіст, могуць сумяшчаць пугу з вандроўкамі і так трохі спатоліць сваю прагу да пастухоўства. Любімы мой накірунак – на Брэст: бясконцая шаша, палі абапал, чырвоны зубр Сноўдала на пагорку і буслы. У горадзе іх асабліва не бачна, а тут – цэлы баль: ходзяць у чорных сурдутах, рукі-крылы за спінамі, ківаюць адзін аднаму. «Бусел, бусел, кінь калоду», – шапчу я праз акно маршруткі, але тутэйшыя буслы, ганарлівыя западзенцы, не такія спагадлівыя, як дняпроўскія, і ў Брэсце з надвор’ем мне шанцуе не заўсёды. Мо, у іх тут, ля Сноўдалы, існуе іншае нейкае прывітанне? А я са сваім «здрастуйця»…
І чаму я не засталася пастушкай назаўсёды? Насамрэч цікавае пытанне, і сацыяльны статус