Беларусалім. Кніга першая. Золак. Павел Севярынец
Ісусе Хрысьце, ці ісьці мне за гэтым Ільвом? Ці той гэта леў, які рыкае й шукае каго паглынуць, ці стары добры Аслан з “Кронікаў Нарніі”, ці наогул гэта Ты – Леў з калена Давідава?
У прытворы рухам і рэхам пачаў нарастаць рокат.
Шосты анёл затрубіў, і раздаўся голас ад чатырох рагоў ахвярніка… А мо гэта проста кішэчнік вадаправодаў, каналізацыяў, трубаў гарачай вады – у кватэры раптам вуркоча, як сабака, якому наступілі на хвост, а ў гулкім храме рыкае апакаліптычным драконам?
Госпадзе… Можа, ён праслухаў?
Ад глыбокага звону Ратушы на Плошчы Волі ягонае сэрца адчайна ўдарыла ў грудную клетку – раз, другі, трэці…
Сем.
Леў, агромністы Леў шумна пераступіў з нагі на нагу. Ну, нарэшце. Ян роспачна заплюшчыў вочы: пачуць!..
Труба. Усё проста. Гэта ўсё-такі тррруба, Ян!
Далёкая, трывожная. Скразны духавы інструмант Адкрыцьця Яна Багаслова. Такое ўражаньне, што ў дзьвярных шарнірах Сабора са скрогатам павярнуліся суглобы эры вялікага смутку.
Нехта ўвайшоў. У адказ пад нагамі затрымцеў каменны дол горада. Напяты, бы барабанная перапонка. Сасьпелы, каб аддаваць мёртвых. І ўварваўся ў распахнутыя дзьверы роў харлея, успароў усю Нямігу ад вытокаў да Сьвіслачы. І Яна праняло той асаблівай, да аняменьня, захапляючай дрыготкай, якая суправаджае адчуваньне прысутнасьці чагосьці звыш.
Як тады…
Пакінуты мамай, што пацалавала яго ў лоб, узяўшы вушы ў далоні, і сышла назаўжды пасьля ягонага васямнаццатага дня народзінаў, ён ужо назаўтра ўцёк з-пад апекі дзядзькі Кірыла. У ноч электрычкай. Да мамы? Ад мамы?
У гэтыя самыя ночы ён чуў і цяжкое, соннае дыханьне зямлі, і малітву дрэваў да неба з голымі галінамі на вятры, і шум птушыных крылаў – аж пакуль яго, чорнага, у кучы вугалю ў нейкім дэпо за трыста кіламетраў ад Менска не падабралі манахі. Узялі да сябе сірату печ тапіць – і там, у былых казармах вайсковага гарадка ён цэлы год слухаў маўчаньне Бога і грукат уласнага сэрца.
Ажно да той пары, пакуль у куце паміж кладавой і архівам, прыціснутага да сьцяны, не ашпарыла яго ў прыдыханьнях інака Юрыя гарачым, шыпячым шэптам.
Ачомаўся ён толькі на пероне станцыі, сярод далёкай пераклічкі цеплавозаў: змораны, галодны і халодны, заварожана глядзеў, як дрыжаць дзьве бліскучыя, бы лёзы, рэйкі… І раптам быў аглушаны гулам гіганцкай трубы, такой надрыўнай, быццам на ўвесь сьвет ад болю закрычалі нябёсы.
Так, біблейскія трубы. Тыя самыя грозныя трубы, ад гулу якіх рухнулі сьцены Іерыхона, у якія трубіў Саўл перад вайной з філістымлянамі – і ў якія нарэсьце затрубяць сем анёлаў Апакаліпсісу.
Рух з уваходу Сабора накатваў, расьцякаўся расплаўленым шыпеньнем, брохаў так, як быццам іх з Ільвом зараз проста заб’юць на месцы; дзьверы рыпелі крашчэнда, раўлі з тым рэхам, зь якім рыкае паранены зьвер – і Ян толькі маліўся шэптам, адчайна спрабуючы трапіць “…памілуй мяне” на кожны паўтор нарастаючага рокату, нізкага, нібы рыгі, і ўяўляў: зараз, у перакошаным твары старасты, �