Эдэм (зборнік). Франц Сіўко
балела моцна. «Сон, значыць», – мільгнула думка і тут жа знікла, адціснутая ў нетры памяці новым, цяпер ужо рэальным, уражаннем.
За акном чырванела ў промнях цьмянага, прытомленага за лета вандроўкамі сонца безназоўнае дрэўца з невялікімі, з вішніну, ягадзінамі ўсцяж галін – акурат такое, як саснілася.
Яна падхапілася, не зважаючы на млявасць у нагах, падбегла да акна.
«У-уд-ог!» – гэтак, здаецца, назваў яго вар’ят з акрываўленымі рукамі. Дзядзька Андрэй кажа, быццам узрасцілі яго, прышчапіўшы флянец ад дрэва, пасаджанага нейкім царом у ваколіцах аднаго мястэчка блізу Дубраўкі і прывезенага графам пасля вайны. Быццам з крыві забітых людзей узышоў парастак і палівалі яго вадою з ракі, у якой тых забітых утапілі. І быццам такое атрутнае яно, гэтае дрэва, што як паясі варыва з ягоных ягад, здурнееш і будзеш рабіць абы-што.
Дзверы рыпнулі, крыва загайдаліся на заржавелых завесах. У сянях было відна, паскі святла прабіваліся паўз дзіркі між кроквамі пабітай ветрам і дажджамі саламянай страхі, гойсалі па сценах, зазіралі ў кублы ды цэбры і тут жа выскоквалі зноў на волю. Пелагея аглядзелася.
Хата: сені ды адзіны пакойчык – самотнае жытло нябожчыцы Палашкі – якраз тое, што ёй зараз патрэбна.
Яна адшчапіла другую дзверыну, увайшла ў пакой.
Печ была на месцы. Гурба дроваў, не скарыстаных гаспадыняю, ляжала пад прыпекам. Тут жа, побач, стаяла прыслоненая да сцяны качарга.
Яна дастала з палка чыгунок, пераставіла яго на прыпек. Цяпер трэба было прынесці вады ды раскласці агонь.
На панадворку Васька, фурманаў унук, абіраў дзяды і цаляў імі ў галубоў.
– Васька, вады! – загадала яна і падала праз акно вядро. – А як прынясеш – пана Браніслава пакліч. Там у кошыку ягады, няхай прынясе. І цвікоў заадно прыхопіць.
Застаўшыся адна, яна развяла агонь і, пакуль дровы ўгараліся, агледзела вокны. Адно было пабітае, дзірка зеўрала акурат пасярод шыбы; яе заткнула рыззём. Затым узялася скрэбці чыгун.
Калі хлопцы прыйшлі, у яе ўсё было гатова.
Яна спаласнула чыгун прынесенай вадою, выліла бруднае, зноў наліла.
– Пастаў на прыпек, – загадала Бронаку, упетрыўшы невідушчы пагляд у полымя.
Ён выканаў загад – гэтаксама пакорліва, як рабіў усё для яе дагэтуль.
– Цяпер выйдзі і забі вокны дошкамі.
– Забіць дошкамі? – Хлопец сумеўся. – Што ты надумалася?
– Мая справа.
Бронак забіў вокны, у нерашучасці застыў на дварэ.
– Што з дзвярамі? – спытаў, не адважваючыся ўвайсці.
– Таксама забі. Сачы за дымам. Як пасвятлее, адчыніш.
– Добра, – пагадзіўся ён і зірнуў у шчэлку між дошкамі: у хаце было цёмна, і доўгі Пелагеін цень у водсвеце полымя здаўся яму падобным на прывід.
Марыя Іпатаўна адставіла кубак, затуліла твар шалем, гучна кашлянула.
– Добры напой, – сказала і ўзяла з падноса яблык. – Як называецца?
– Крамбамбуля, – закаркоўваючы штофік, адказала Пелагея.
– Але ж і назва! А адкуль рэцэпт?
– Андрэй