Вуліца Добрай Надзеі (зборнік). Міхась Андрасюк
На век вечны.
Ажыццяўляючы пагрозу, загарнуў у ёмiстую торбу пэндзлікі, бляшанкi, бутэлькi.
– А ты нават і не думай. Грошы – калi ласка. Называй цану, плачу ўсё, да апошняй капейкі. А гарэлка – не!
– вочы цёткі прыжмурыліся, пахаладзелі, зацягнуліся шырмай лютасці. У такі момант працягваць дыскусію можа толькі той, хто сустракае цётку Любу першы раз. І Зэнік адступіў: – Ну, няхай сёння так. Але, каб усё было ясна – кожны прамаруджаны дзень падвышае плату на адну пляшку, – і крокам, упэўненым у перамозе, пераступіў парог, зачыніў дзверы.
Складанае жыццё людзей, якія аддаюць сябе iдэi. Спапяляюцца яны на вогнiшчах, з’язджаюць у чужыя краiны, прыжываюць туберкулёз у сырых турэмных склепах. Шмат якiя прыклады прапануе тут гiсторыя чалавецтва. I цётка Люба, хай сабе i не зусiм свядома, ступiла ў бясконцы шэраг iдэйных пакутнiкаў.
Жанчына “ню”… А якое тут дзіва?! Сцены луўраў і прадаў, і трацякоўскіх галерэй ужо і тады ламаліся ад аголеных малюнкаў. Але ж гэты парыжскі ці пецярбургскі свет быў нашмат старэйшы і ў працэсе дэгенерацыі забрыў значна далей за нашае Мястэчка. Толькі праз такія гарадкі і вёсачкі чалавецтва пакуль сяк-так трымаецца на нагах, не правальваецца ў бяздонне і нябыт. Яны – справядлівая шаля сусветнай вагі.
Вечарам, пакуль цётка Люба заснула, з перспектывы тапчана доўга ўглядалася ў аголены жывот нахабнай кватаранткi, прыходзілі ёй на памяць усялякія прароцтвы і знакі, што апавяшчаюць правал нашага свету i банкруцтва роду чалавечага. З малюнка вочы беглі на ікону святой Марыі, скоўзваліся назад і сарамлівым крокам святататніцы вярталіся да аблічча Божай Маці, быццам шукаючы там пацвярджэння правільна пражытаму дню. Але аблічча іконы было таямнічае, непранікальнае, непарушнае. І толькі пасля поўначы, калі не вельмі вядома, дзе канчаецца ява і пачынаецца сон, святыя вусны адказалі ветлівай усмешкай. Супакоіўшы думкі, цётка Люба заснула. Зза яе спiны, у той жа жывот i ў чорны трохвугольнiчак, i ў даўжэзныя ногi ўглядаўся дзядзька Коля. А затым уздыхнуў i спiнаю павярнуўся да цёткi. Але не спалася дзядзьку Колю. Круцiўся ён, варочаўся туды i сюды, з левага боку на правы, з правага на левы, а за прымкнёнымi вейкамi разгарталіся абразкi i працавала ўяўленне, i параўноўваліся дэталi. Аж на досвiтку прыйшла на думку слушная выснова: жыццё ўсётакi несправядлiвае. Таму, што складаюць яго не тыя рэчы, што недаступныя нiколi i нiкому, але тыя, што недасягальныя нам i зараз.
Наступнага дня дзядзька Коля не ўзняўся з пасцелі з ранішнім сонцам. А дзень уставаў прыгожы – як маладая панна ў храме, і гучны, як касцёльны звон, і адпуцаваны, як дэпутат мясцовага самакіравання ў дзень сесіі сваёй рады. Нават у маі, калі дастаткова колераў і гукаў, не заўжды ўдаецца натуры давесці працу да межаў такой дасканаласці.
Але дзядзька Коля быў бязмежна смутны і ў сваім смутку замкнёны на чатыры замкі цярпення. Зпад коўдры, зацягнутай да падбародка, адным вокам зірыў карціну на сцяне, а за другой вейкай, прымкнёнай, разгарталіся зусім іншыя лініі – авальныя, расцягнутыя – і складаліся яны кропля ў кроплю