Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова
8 доме, салярныя Венера (рэтра) і Марс у салярным 8 доме
Маскоўскія сябры даволі хутка ўзялі след, таму варта было прыспешваць працэсы, каб не зацягваць чаканне. Мілана мусіць знікнуць, а замест яе на сцэну выйдзе зусім іншая асоба. Але спачатку трэба падчысціць канцы – намовіць Раба на начное спатканне.
Зайчыкаў быў гатовы служыць ёй ва ўсім, але рабіўся ўпарты, калі заходзіла пра час і месца сустрэчы. Раб сам абіраў тэрыторыю і час, прычым свае рабскія справы ён рабіў у абедзенны перапынак або прыдумляў нейкія неадкладныя нарады ды інспекцыі пасярод дня, а сам ехаў пакаштаваць звонкага бізуна Спадарыні. Як быццам адчуваў, што ўначы можа здарыцца нешта некантраляванае.
Мілана пачала яго шантажаваць: паведаміла, што больш ніколі не прыйдзе. Ён не мог доўга пярэчыць сваёй Спадарыні і ў выніку ўсё спланаваў так, каб вызваліць сабе ноч.
Спадарыня гэтым разам затрымлівалася. Зайчыкаў пачаў турбавацца: Міланін тэлефон маўчаў. Толькі блізу першай задзынкаў дамафон, і Раб нарэшце пачуў у слухаўцы ейны голас.
– Адчыняй!
Сёння яна была апранутая вельмі звычайна і нават не ўзяла бізун. Паводзілася не як строгая Спадарыня, а як нахабная дзеўка, што занадта шмат сабе дазваляе. Гэта было парушэнне правілаў гульні, і Раб пачаў ператварацца ў Васіля Мікалаевіча Зайчыкава. О, ён умее матыліцу з галавы выганяць!
– Загадаю, каб цябе ў лесе адымелі дзесяць дзецюкоў, а потым, калі выжывеш, прыстрэлілі і ў тым лесе закапалі.
– Ты ведаеш, варыянт! – амаль са смехам прамовіла дзеўка, і Васіль Мікалаевіч паглядзеў са здзіўленнем. – Я акурат думаю, як гэта ўсё зладзіць… ты ж дамовіўся наконт пашпарта для маёй сястры, так?
– Хрэн табе ў вочы, а не пашпарт! – раззлаваўся начальнік Упраўлення высокай маралі. – Мала таго што выцягваеш мяне на спатканне ўночы, потым спазняешся, дык яшчэ і хаміш.
– Ды я ведаю, што дамовіўся. І да каго ісці, ведаю. Раб…
Тут Васіль Мікалаевіч не вытрываў і з усяго размаху выцяў дзяўчыну па твары. З прыгожага носіка пабег маленькі струменьчык крыві.
– Дарма ты так. Але ўсё адно для цябе гэтая прыгода павінная была кепска скончыцца, – прашаптала яна і паднесла раскрытую далонь да ягонага ілба.
Васілю Мікалаевічу раптам зрабілася горача, затым – млосна. Перад вачыма паляцелі залатыя мухі і паплылі хвалі. Ён паваліўся на падлогу і пачаў качацца, схапіўшыся за галаву, у якой быццам пасяліўся шалёны бубнач. А тая паскудніца бярэ ягоны тэлефон і нешта ў ім шукае. А цяпер яна адчыняе акно, залазіць на падваконне і… Не, яна не скочыла долу – у яе раптам выраслі магутныя чорныя крылы, твар змяніўся ў агідную пыску кажана, а маленькія вочкі засвяціліся чырвоным.
– Бывай, чмо балотнае! – прапішчэў кажан і мярзотна зарагатаў.
Затым пачвара ўзмахнула крыламі, зрабіла кола гонару па пакоі, пабіўшы жырандолю, і вылецела з кватэры на вуліцу. Ашалелага Васіля Мікалаевіча трэсла ліхаманка. Ён думаў, што сэрца зараз спыніцца. Ледзь дацягнуўшыся да століка, ён схапіў тэлефон. Але ў спісе кантактаў