Вяртанне Ліліт. Юлія Шарова
вуліца з трамвайнымі рэйкамі, рынак, цалкам бязлюдны ў гэты час. Здалёк яна пабачыла стэлу – сваю мэту. Птушку прыціскала да зямлі, і яна ляцела апошнія кіламетры зусім нізка, але памятала, што кватэра, куды ёй трэба трапіць, ажно на шаснаццатым паверсе. Нацяўшыся, яна набрала вышыню. Вось і стэла, а за ёй – жылы шматпавярховік, карпусы якога стаялі на рагу двух праспектаў ды расцягваліся, рыхтык мяхі гармоніка. Апошнія метры, ужо апошнія метры. Колькі ўзмахаў крыламі, якія раптам наліліся волавам і пацягнулі цела да зямлі…
Сонца ўзышло.
Мілана, якая зноў сталася жанчынай, упала на падлогу незашклёнага гаўбца. Здаецца, нічога не зламала, хіба што крыху выцялася, але пасля прыгодаў з уцелаўленнем гэта ўжо драбяза.
На вяроўцы целяпаўся вялікі махровы ручнік, пакінуты носьбіткай сушыцца перад ад’ездам на адпачынак у Егіпет (з маскоўскім каханкам, так – гарачы тур!). Мілана абвінула тым ручніком кісць рукі, прымерылася, прымружылася і ўдарыла шкляныя гаўбцовыя дзверы.
Гэты сквапнюга, што траціў процьму грошай на маскоўскіх каханак і на казіно, зняў сваёй беларускай сяброўцы хату, якая не мела нават шклопакетаў, а рамонту кватэра не бачыла з тых часоў, калі Міланы яшчэ не існавала ў прыродзе. Затое ў раёне з прэтэнзіяй – у Доме-ля-стэлы на праспекце Пераможцаў.
Мілана прасунула руку праз разбітую шыбу і асцярожна намацала клямку замка. Дзверы адчыніліся, і яна ўрэшце трапіла ў пакой. На гэтым ейныя сілы вычарпаліся: яна ступіла колькі крокаў і ўпала на канапу. У паўсне падцягнула да сябе акуратна складзены плед і накрылася ім.
Цяпер – у бяспецы.
5
Транзіты: Месяц уваходзіць у Стральца; трынаццатыя месяцовыя содні
Прачнулася Мілана ажно ўвечары, калі сонца ішло долу, таму не адразу зразумела, дзе знаходзіцца, а пагатоў не ўцяміла, што падарожжа скончылася і ёй болей не трэба нікуды спяшацца.
Сон асвяжыў яе, і цяпер яна хацела простых радасцяў – людскай ванны і людскай ежы. Пакуль яна была савой, ёй давялося паляваць проста ў паветры. Ад успамінаў пра такую дыету рабілася млосна.
Адзіная турбота – балела шыя: відаць, хрыбеткі і нервы зрасліся няўдала.
Пасля ванны яна даволі доўга круцілася перад люстэркам, разглядаючы сваё новае цела з розных ракурсаў, і кожны ракурс быў дасканалы – нездарма ж гэтую дзяўчынку бралі ў мадэлькі. Такі сабе актуальна-модны выгляд – рост пад метр восемдзесят, ногі ад вушэй, далікатныя рукі, усе абрысы цела – як у точанай статуэткі. І доўгія цёмныя валасы ў спалучэнні з пранізліва-зялёнымі вачыма.
Ну што сказаць, з сілкаваннем праблемаў не будзе, а сілкаванне ёй патрэбнае – гэта таксама частка ўгоды, якую трэба выконваць амаль да дваццаці сямі гадоў, то бок да трэцяга вяртання Ліліт.
Падсушыўшы валасы, яна дастала з шафы старэнькія і зручныя джынсы, утульную байку, апранулася і пайшла з дому. Дублікат ключоў ёсць, але замкі ўсё адно давядзецца памяняць. Заўтра ж пайсці ў міліцыю і напісаць заяву пра скрадзены пашпарт. І выклікаць цесляра, каб паставіў